Абмеркавалі праблемныя моманты, акрэслілі задачы

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Абмеркавалі пытанні папярэджання гібелі людзей ад пажараў і іншых прычын.

 

Удзел у сустрэчы прымалі спецыялісты службаў прафілактыкі, пракуратуры Дзятлаўскага раёна, старшыні сельвыканкамаў, медыкі, сацыяльная служба.

Па-ранейшаму сярод надзвычайных здарэнняў у раёне лідзіруюць пажары. За 2023 год іх адбылося 23 (+1), у агні загінулі 4 чалавекі (у 2022 годзе – 1). Гібель дапушчана ў Жукоўшчынскім (3 чалавекі) і Дзятлаўскім (1 чалавек) сельскіх саветах. З 4 загінулых усе былі пенсіянеры, жылі адзінока.Прычынамі вогненных здарэнняў з гібеллю ў 3 выпадках паслужыла “класічная п’яная цыгарэта”, прычым 3 з 4 загінулых знаходзіліся ў сярэдняй ці моцнай ступені ап’янення. На ўліках у сельскіх выканаўчых камітэтах, як асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, знаходзіліся 2 з 4 чалавек, столькі ж – у доктара-нарколага. Па кожным факце смерці ад агню абласной пракуратурай праведзены праверкі.

У раёне працуюць аглядавыя камісіі, якія летась наведалі больш за 6 тысяч домаўладанняў і кватэр, амаль у 400 з іх былі выяўлены няспраўнасці, якія ўхілены на 98,9 %. За парушэнне супрацьпажарнага заканадаўства ў жылым фондзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты каля двух дзясяткаў дзятлаўчан, вызвалены з вынясеннем афіцыйнага папярэджання каля 50 чалавек. Сярод найбольш частых парушэнняў – курэнне ў ложку ці месцы для сну, няправільная эксплуатацыя пячнога ацяплення, непадтрыманне ў рабочым стане аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

У 2024 годзе перад суб’ектамі прафілактыкі раёна стаяць задачы па ўзмацненні кантролю за катэгарыраванымі групамі грамадзян, а таксама за ўхіленнем гаспадарамі раней выяўленых у іх домаўладаннях парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі. Больш увагі будзе скіравана на скаардынаванасць работы паміж медыкамі, якія ў саставе камісій устанаўліваюць асобаў, схільных да злоўжывання алкаголем, міліцыяй і аглядавымі камісіямі. З грамадзянамі, якія трапяць у групу рызыкі, будзе праводзіцца больш уважлівая прафілактычная работа з індывідуалізаваным падыходам.

Другім разгледжана пытанне аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў 2023 годзе. Адзначана, што ў цэлым сітуацыя была стабільнай і кантралюемай. У параўнанні з 2022 годам на 10 % (з 229 да 206) знізілася агульная колькасць зарэгістраваных на ўсіх суб’ектах уліку злачынстваў. Не былі зафіксаваны згвалтаванні, вымагальніцтвы, разбоі, з 3 да 1 знізілася колькасць рабаўніцтваў, з 4 да 2 – хуліганстваў, з 7 да 2 – угонаў, з 15 да 11 – махлярстваў. Менш на 20 выпадкаў стала злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Ад атручвання спіртным памёр 1 чалавек. Па рашэнні суда ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі ізалявана 30 асобаў.

Аднак з 14 да 21 адзначыўся рост колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па лініях усіх службаў, у тым ліку забойстваў (з 1 да 2), з 14 да 18 павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Зарэгістравана 2 выпадкі хатняга гвалту, па якіх узбуджаны крымінальныя справы, а годам раней такіх не было ўвогуле. З 15 да 17 вырасла колькасць злачынстваў, учыненых групай асобаў. Без уліку прэвентыўных артыкулаў адзначаецца павелічэнне крымінальных справаў, якія адносяцца да катэгорыі сямейнага гвалту.

У 2023 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна былі зарэгістраваны 4 карупцыйныя злачынствы: два крадзяжы ў асабліва буйных памерах, атрыманне хабару, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Звяртае на сябе ўвагу крымінальная актыўнасць дзяцей, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. Летась 11 непаўналетніх учынілі 6 такіх грамадска-небяспечных дзеянняў. Актуальная для раёна праблема забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці дзяцей: у мінулым годзе самагубства ўчыніла непаўналетняя, 2010 года нараджэння.

За мінулы год таксама былі зарэгістраваны 3 няшчасныя выпадкі на вытворчасці: 2 – са смяротным зыходам, 1 – з цяжкімі наступствамі.

У ліку задач па папярэджанні такіх праяваў на 2024 год – актывізаваць работу адказных службаў раёна па праблемных кірунках, забяспечыць належную каардынацыю іх дзейнасці і якаснае правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: