Форум узяў след злодзеяў

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У адзін з вераснёўскіх вечароў 2018 года міліцыянер-вадзіцель Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Катрач быў на выхадным. Калі ён выйшаў на балкон, стаў сведкам неадназначнай сцэны. І толькі далейшыя аператыўныя дзеянні міліцыянера дапамаглі раскрыць учыненае на яго вачах злачынства па гарачых слядах.

Што ж убачыў праваахоўнік са свайго балкона і чаму вырашыў умяшацца? Погляд Сяргея Катрача прыцягнула дзіўная кампанія, якая знаходзілася каля магазіна “Дзяжурны” на вуліцы Савецкай райцэнтра. На зямлі без прытомнасці ляжаў мужчына, над ім схіліўся яшчэ адзін і абмацваў кішэні адзення ляжачага, трэці ўдзельнік “нямой сцэны” трымаў у руках сумку і нешта там шукаў.

Міліцэйская інтуіцыя ніколі раней не падводзіць прапаршчыка Сяргея Катрача, і на гэты раз ён неадкладна патэлефанаваў у дзяжурную часць, каб выслалі нарад міліцыі праверыць падазроных грамадзян.

Не паспеў ён скончыць тэлефонную размову, як мужчыны, якія стаялі над ляжачым чалавекам, сталі ўцякаць з вуліцы Савецкай у накірунку вуліцы Чапаева. Але на выклік ужо спяшаліся мабільныя “совы”, якія няслі дзяжурства па горадзе. Калі прыбыў нарад групы затрымання, Сяргей Катрач, паведаміў, што зламыснікі зніклі ў дварах па вуліцы Чапаева.

Тады міліцыянер-кінолаг Віктар Жынко прыняў рашэнне паставіць на след злодзеяў свайго чацвераногага памочніка – службовага сабаку па мянушцы Форум. Тым часам міліцыянер-вадзіцель накіраваў машыну ў аб’езд, каб заблакіраваць правапарушальнікам шляхі адыходу. Сяргей Катрач застаўся каля пацярпелага прыводзіць яго ў прытомнасць, бо мужчына аказаўся п’яным і пакуль нават не здагадваўся, што адбываецца.

Форум упэўнена ішоў па слядах. Ад службовага сабакі і раней так запраста яшчэ ніхто не ўцякаў. Не стала выключэннем і гэта здарэнне. Прайшоўшы метраў 150, Форум нагнаў злодзеяў, вывеўшы свайго гаспадара да аднаго з дамоў па вуліцы Чапаева. У гэты час зламыснікі як раз дзялілі скрадзеныя грошы, якімі разжыліся ў бездапаможнага мужчыны. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы аператыўна затрымалі правапарушальнікаў і даставілі іх ў раённы аддзел унутраных спраў. Так неабыякавасць і пільнасць Сяргея Катрача паспрыялі раскрыццю яшчэ аднаго злачынства.

Дзяніс ШЭЎЧЫК,

старшы інспектар Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *