Хвалявалі пытанні добраўпарадкавання

Важнае Улада

27 ліпеня на Дзятлаўшчыне чарговую прамую тэлефонную лінію  правёў  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

Уладзіміру Аляксандравічу паступілі чатыры тэлефонныя званкі, адна жыхарка райцэнтра вырашыла ўбачыцца з дэпутатам асабіста.  На некаторыя пытанні Уладзімір Сіняк даў адказ адразу ў час прамой тэлефоннай лініі, для разгляду яшчэ некалькіх – звязаўся з адказнымі работнікамі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, адно пытанне, якое патрабуе дапамогі кампетэнтнай службы, узяў на дэпутацкі кантроль.

Жыхарка гарадскога пасёлка Казлоўшчына звярнулася з дзвюма праблемамі, якія хвалююць многіх яе землякоў. Па-першае, жанчына расказала, што пасля перапрафілявання тэрапеўтычных ложкаў гарпасялковай бальніцы ў сацыяльныя, з’явілася праблема своечасова прайсці лячэнне ў стацыянары.

Дэпутат пагутарыў з са спецыялістамі Дзятлаўскага райвыканкама і даведаўся, што пра гэта пытанне ў раёне ведаюць, яно знаходзіцца на кантролі ў старшыні райвыканкама, адшукваюцца шляхі вырашэння.

Па-другое, жанчыну цікавіла, ці будзе зроблены рамонт тэрыторыі рынка гарадскога пасёлка Казлоўшчына – гэта літаральна цэнтр населенага пункта, і жыхарам хочацца, каб тут было прыгожа.

Дэпутату патлумачылі, што і з гэтым пытаннем спецыялісты райвыканкама знаёмы, разглядаюцца магчымасці правядзення рамонту рынка.

Пытанне добраўпарадкавання хвалявала і жыхарку горада Дзятлава. Жанчына расказала, што возера ў раёне вуліцы Навагрудскай, што паблізу магазіна “Крынічка”, пачало зарастаць трыснягом і водарасцямі. Жанчына цікавілася, калі з’явіцца магчымасць пачысціць вадаём.

Уладзімір Сіняк паабяцаў, што гэта пытанне возьме на дэпутацкі кантроль і звернецца з ім у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Жыхарку райцэнтра, якая прыйшла асабіста на прыём да Уладзіміра Сіняка, хвалявала добраўпарадкаванне мікрараёна вуліц Клары Цэткін і Перамогі ў горадзе Дзятлаве. Жанчына расказала, што нядаўна адбыліся грамадскія слуханні, на якіх жыхароў мікрараёна азнаёмілі з праектам яго добраўпарадкавання. Аказалася, што паводле праекта ў час будаўнічых работ у дварах шматкватэрных дамоў плануецца высечы 49 з 55 дарослых дрэваў, якія тут растуць. Многія людзі з гэтым не згодны.

Дэпутат даведаўся ў райвыканкаме, што праектна-каштарысная дакументацыя па добраўпарадкаванні мікрараёна вуліц Клары Цэткін і Перамогі распрацавана так, каб максімальна захаваць дарослыя дрэвы. Высякацца будуць толькі тыя з іх, якія растуць на сетках камунікацый або трапляюць у зону правядзення работ. Замест іх, згодна з праектам, будуць зроблены кампенсацыйныя высадкі. Усе работы па высечцы і кампенсацыйных высадках дрэваў будуць максімальна ўзгоднены з жыхарамі мікрараёна.

Наступны званок дэпутату паступіў зноў з гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Цікавіліся магчымасцю аднаўлення работы калбаснага цэха КСУП “Слава працы”, а таксама выдаленнем аварыйных дрэваў на могілках вёскі Малдавічы.

Уладзімір Сіняк звязаўся са старшынёй Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Вадзімам Бяляткам. Вадзім Аляксандравіч расказаў дэпутату, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Слава працы” разглядае варыянты магчымага запуску цэха. Што ж тычыцца выдалення дрэваў, то ў канцы трэцяга квартала гэтага года сельвыканкам арганізуе высечкі аварыйных дрэваў па заявах, якія паступаюць ад жыхароў сельсавета, на ўмовах сумеснага з заяўнікамі фінансавання работ.

Апошняе пытанне, з якім звярнулася да Уладзіміра Сіняка яшчэ адна жыхарка Казлоўшчыны, таксама тычылася выдалення аварыйных дрэваў, але ўжо на могілках гарадскога пасёлка. Аказалася, што раней там праводзілі высечку, аднак засталіся самыя праблемныя дрэвы, да якіх не можа пад’ехаць тэхніка. Калі іх спілоўваць сваімі сіламі, можна пашкодзіць помнікі, таму работы па іх выдаленні ў далейшым плануецца выканаць з прыцягненнем прамысловых альпіністаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup