Сцежкамі Ліпічанскай пушчы – да партызанскага вогнішча

Важнае Падзеі Спорт і турызм

На экскурсію выхаднога дня разам з экскурсаводам, спецыялістам па турызме турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Аленай Абрамчык па гістарычных мясцінах малой радзімы 27 красавіка накіраваліся работнікі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

Яшчэ ў лютым гэтага года да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашым раёне стартавала грамадска-турыстычная акцыя “Дзятлаўшчына гераічная”, у рамках якой дзейнічаюць некалькі маршрутаў.

Турыстычны інфармацыйны цэнтр прапаноўвае жадаючым аднадзённыя і двухдзённыя праграмы, у рэалізацыі якіх удзельнічаюць розныя суб’екты турыстычнай індустрыі раёна. Прычым турысты могуць самі выбіраць, з якімі гістарычнымі мясцінамі, помнікамі, пабудовамі, аграсядзібамі яны будуць знаёміцца.

Дзятлаўскія сыраробы напярэдадні Дня Перамогі вырашылі выбраць для сваёй вандроўкі маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы” з наведваннем памятных аб’ектаў раёна.

Экскурсія стартавала ў райцэнтры каля помніка знакамітаму земляку Іосіфу Філідовічу. Ратуючы партызанскі шпіталь у Ліпічанскай пушчы, Іосіф Юр’евіч паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, адвёўшы карнікаў у балота.

Наступным прыпынкам турыстаў стала вёска Руда Яварская. Алена Абрамчык расказала аб гісторыі развіцця партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, нямецкім гарнізоне, які базіраваўся ў Рудзе Яварскай, карнай аперацыі фашыстаў супраць партызан і мірнага насельніцтва. Сыраробы наведалі месца пахавання сям’і Кашкала, пабывалі каля царквы Архангела Міхаіла і касцёла Святога Іосіфа, даведаліся аб мануфактурах князёў Радзівілаў па апрацоўцы балотнай руды і вырабе шкла ў вёсцы Гута. У Навасёлках спыніліся, каб аддаць даніну памяці забітай у гады ваеннага ліхалецця сям’і Чайкоўскіх, падзівіліся на клён з сямю стваламі – па колькасці загінулых членаў сям’і. Каля вёскі Руда Ліпічанская наведалі помнік партызану Міхаілу Белушу, які закрыў сабой варожую амбразуру, каб выратаваць баявых таварышаў.

Пабывалі на ўваходнай групе маршрута, што вядзе да месца былога партызанскага шпіталя. У аграгарадку Дварэц даведаліся, як будаваўся мясцовы касцёл, зайшлі на магілу Апалінарыі Пратасевіч. Апошняй кропкай вандроўкі стала аграсядзіба Сяргея і Жаны Калпінскіх у Цяцейках. Тут работнікаў філіяла ўжо чакалі артысты Дварэцкага дома культуры з інтэрактыўнай праграмай. Было вельмі прыемна паспяваць салдацкія песні, паўдзельнічаць у жартоўных баявых заданнях па знішчэнні варожых танкаў, размініраванні, наладжванні лініі сувязі, іншых.

– Вялікае дзякуй мы гаворым арганізатарам мерапрыемства, бо яно спадабалася ўсім, – падзяліўся ўражаннямі дырэктар Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Андрэй Жыдко. – Мы наведалі аб’екты, якія так ці інакш датычацца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто не застаўся раўнадушным: у думках вярнуліся ў тыя ракавыя для нашай Радзімы падзеі. Кожны з сумам і болем у сэрцы яшчэ раз перажыў трагічныя моманты. Каб ствараць будучыню, трэба памятаць мінулае. Думаю, кожны з прысутных адчуе і зразумее, як трэба жыць далей.

– Заклікаць калектыў у паездку было не складана, бо работнікі ў нас актыўныя, – адзначыла старшыня прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства Іна Зайцава. – Заўсёды хочацца куды-небудзь выехаць, даведацца новае. Вырашылі далучыцца да акцыі “Дзятлаўшчына гераічная”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праўда, атрымалася гэта не ва ўсіх, бо вытворчасць не стаіць на месцы. Дзякуючы майстэрству экскурсавода, многае даведаліся з ваеннай гісторыі раёна і не толькі. Апошнім пунктам маршрута выбралі “Каля дуба”, бо ў Інстаграме шмат гаворыцца пра гэту аграсядзібу.

Уражанні найлепшыя, усё арганізавана на вышэйшым узроўні.

– Маршрут, па якім мы праехалі, называецца “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, гасцямі сталі работнікі сырзавода, – расказала экскурсавод Алена Абрамчык. – Кампанія падабралася вясёлая, актыўная. Тым не менш, маршрут прысвечаны трагічнай гісторыі ваенных гадоў, падзеям, якія адбываліся ў лясах Ліпічанскай пушчы ў 1942-1943 гадах. Ён аб сташнай трагедыі спаленых вёсак, партызанскім шпіталі і подзвігу Іосіфа Філідовіча. Мы наведалі розныя аб’екты, нават паспрабавалі дайсці да месца знаходжання шпіталя, але пачалося балота, далей рухацца не змаглі. Думаю, кожны зразумеў, што партызанская барацьба – гэта не гульня, а пастаянная рызыка, смерць, жыццё ў лесе ў любых умовах зімой і летам. Тым не менш, там людзі не толькі выжывалі, але і ажыццяўлялі акцыі супраць фашыстаў: узрывалі масты, эшалоны, нападалі на нямецкія гарнізоны, дапамагалі арміі вызваляць Беларусь. Лічу, што па гэтым маршруце карысна правесці як мага больш землякоў, каб яны адчулі гісторыю і зразумелі, што ад нас залежыць захаваць мір на планеце і на роднай зямлі. У рамках акцыі “Дзятлаўшчына гераічная” мы распрацавалі некалькі кірункаў і праграмы. У кожны маршрут уключаем інтэрактыўны элемент, каб госці не толькі даведаліся факты, але і праз асабісты ўдзел адчулі сябе і партызанамі, і салдатамі, і проста адпачылі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: