Найбольш цікавым момантам сустрэчы для юнакоў стала знаёмства са зброяй і экіпіроўкай міліцыянераў.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх прапанаваў падлеткам самім разабраць і сабраць аўтамат, сфатаграфавацца ў амуніцыі са спецсродкамі.
Профільныя ваенна-патрыятычныя летнікі кругласутачнага знаходжання для юнакоў з Новаяльнянскай сярэдняй школы “Абаронца” і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава “Патрыёт”, якія працуюць сёлета ў аграгарадках Жукоўшчына і Хвінявічы сустракалі гасцей.
У час змены ў рамках міжведамаснай рэспубліканскай прафілактычнай праграмы “Клопат” да іх выхаванцаў завіталі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
Віктар Петрукевіч і Святлана Залучан правялі з юнакамі прафілактычную гутарку, расказалі аб найбольш частых адміністрацыйных правапарушэннях, уласцівых для падлеткаў, сярод якіх распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, хуліганствы, купанне ў забароненых месцах. Спыніліся госці і на злачынствах, якія ўчыняюцца ў сферы высокіх тэхналогій, нагадалі падлеткам аб мерах адказнасці за падобныя правапарушэнні.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх заклікаў маладых людзей паступаць ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў, расказаў пра асаблівасці ўступнай кампаніі, перавагі міліцэйскай прафесіі, сацыяльныя льготы і гарантыі для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.
Кацярына Хілімончык пацікавілася ў адпачывальнікаў, як праходзіць іх змена ў летніку, і расказала, што на працягу канікулаў доўжыцца сумесная акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Летні патруль”, скіраваная на папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадзе і пажараў у лесапаркавых зонах. Актывісты БРСМ разам з ратаўнікамі і супрацоўнікамі таварыства ратавання на водах патрулююць берагі вадаёмаў і лясы, вучаць адпачывальнікаў бяспечным паводзінам. А таму моладзевы лідар нагадала, што купацца на Дзятлаўшчыне дазваляецца толькі на двух спецыяльна абсталяваных пляжах – гарадскім у Дзятлаве і санаторыя “Радон”, а на наведванне лясоў у нашым раёне дзейнічае часовае абмежаванне з-за спёкі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga