Свята працы – сімвал згуртаванасці стваральных сіл

Важнае Грамадства

1 Мая – гэта, перш за ўсё, Міжнародны дзень салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы, вось чаму яны называюць яго сваім галоўным святам, напярэдадні якога падводзяць вынікі праведзенай работы за год.

З якім настроем прафсаюзы Дзятлаўшчыны сустракаюць Першамай, расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.

– Аляксандр Міхайлавіч, што для вас сімвалізуе 1 Мая?

– Гэта вясновае свята нязменна сімвалізуе мір і працу – вечныя чалавечыя каштоўнасці. Толькі яны дапамагаюць рэалізоўваць самыя смелыя і маштабныя планы, даюць магчымасць гадаваць дзяцей, карміць сям’ю, прыносіць карысць грамадству, раскрываць асабісты патэнцыял. У нашым раёне дастаткова працавітых людзей, якія сваім стараннасцю і дасягненнямі праслаўляюць родную Дзятлаўшчыну. Таму мне хочацца сказаць асаблівыя словы падзякі тым, чые імёны і цэлыя калектывы занесены на раённую Дошку Гонару. Гэта сведчанне таго, што яны ў сваёй сферы дасягнулі найлепшых вынікаў, а значыць, сталі сапраўднымі спецыялістамі. І важна тое, каб яны навучылі свайму майстэрству сваіх калег, асабліва моладзь. Ім выказваю словы ўдзячнасці.

– Якія асноўныя напрамкі работы прафсаюзных арганізацый Дзятлаўскага раёна ў 2024 годзе вы вылучылі б?

– Першае – гэта калектыўна-дагаворная праца. Калектыўны дагавор з’яўляецца самой сутнасцю работы прафсаюзнага камітэта. Ад таго, наколькі ён напоўнены артыкуламі, якія паляпшаюць становішча работніка адносна дзеючага заканадаўства, залежаць адносіны да прафсаюза ў арганізацыі.

Другі напрамак – забеспячэнне бяспечных умоваў працы. Жыццё і здароўе чалавека – гэта базавыя і безумоўныя каштоўнасці. Маніторынгі ўмоваў працы будуць праводзіцца на пастаяннай аснове.

Далей –  павышэнне прававой адукаванасці членаў прафсоюза. Гэта работа пройдзе праз навучальныя семінары, а таксама мы ўжо некалькі гадоў штомесяц на бясплатнай аснове аказваем юрыдычныя кансультацыі на нашых прыёмах сумесна з юрыстамі ФБП.

І, вядома ж, работа, скіраваная на згуртаванне калектыву. Гэта сумесны адпачынак, клопат аб ветэранах працы і моладзі, арганізацыя экскурсійных паездак, аздараўленне членаў прафсаюза і іх сем’яў.

–  Як прафсаюзны лідар раёна, што пажадаеце ветэранам працы і ўсім працоўным  у свята 1 Мая?

– Жадаю  шчасця і дабрабыту, няхай ваша праца будзе ацэнена па вартасці, новых дасягненняў і ідэй, няхай заўсёды вас саграваюць цяпло і любоў блізкіх людзей, поспехаў ва ўсім і мірнага неба над галавой!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga