Нам даверана памяць. Нашчадкі маюць права ведаць

Важнае Грамадства

Задача сённяшняга пакалення – па крупінках аднавіць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне і беражліва перадаць яе наступным пакаленням.

Гэтай тэме было прысвечана першае пасяджэнне раённай групы па пытаннях арганізацыі архіўна-даследчай работы на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна і семінар “Аб формах і метадах работы па ўвекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны”, якія прайшлі ў райвыканкаме.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама былі запрошаны члены групы – прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, раённых бібліятэкі і гісторыка-краязнаўчага музея, школ Дзятлаўшчыны, якія курыруюць сферу ўвекавечання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова пазнаёміла прысутных з вынікамі работы па ўвекавечанні памяці ў 2023 годзе і агучыла задачы на 2024-ы:

– На тэрыторыі раёна на 1 студзеня 2024 года знаходзіцца 98 формаў увекавечання, 67 з іх пастаўлены на ўлік воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў. У выніку работы ў архіўных і музейных установах у 2023 годзе ўстаноўлена 2371 імя ахвяр вайны, на дзяржаўны ўлік прыняты 2 воінскія пахаванні: брацкая магіла ахвяр вайны на месцы масавага расстрэлу ў 1943 годзе фашыстамі 500 мірных жыхароў (у тым ліку і яўрэяў) былога лагера ў гарпасёлку Наваельня; пахаванне ахвяр вайны (3 магілы) у горадзе Дзятлаве па вуліцы Кастрычніцкай (на паўднёвай ускраіне яўрэйскіх могілак).

Вольга Мікалаеўна адзначыла, што ў раёне вядзецца маштабная работа, звязаная з пошукам звестак аб Вялікай Айчыннай вайне і ўвекавечаннем памяці. Атрыманая інфармацыя легла ў аснову больш чым 10 турыстычных маршрутаў на Дзятлаўшчыне. Сёлета быў дадзены старт праекту “Марафон Вялікай Перамогі”, распрацаванаму навучэнцамі і педагогамі гімназіі №1 горада Дзятлава. Да яго рэалізацыі на пастаяннай аснове далучана 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, распрацаваны заданні для навучэнцаў, накіраваныя на архіўна-даследчую дзейнасць па высвятленні імёнаў і біяграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аб формах і метадах арганізацыі архіўна-даследчай работы расказала вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Алена Сівая. Па яе словах, вялікі пласт інфармацыі аб Вялікай Айчыннай вайне сёння ёсць у архіўных крыніцах у адкрытым доступе. Скарыстацца ім можна як у час навуковага даследавання, так і, напрыклад, высвятляючы мінулае сваіх продкаў у ваенны час. Алена Уладзіміраўна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з рознымі аспектамі даследчыцка-пошукавай работы на Дзятлаўшчыне, анансавала правядзенне ў Казлоўшчынскім сельскім савеце восенню гэтага года раскопак, звязаных з устанаўленнем фактаў генацыду мірнага насельніцтва.

Сваім прагрэсіўным вопытам работы з навучэнцамі і далучэння мясцовага насельніцтва да даследчыцкай работы падзяліліся прадстаўнікі навучальных установаў, дзе рэалізуюцца самыя гучныя ў раёне гісторыка-патрыятычныя праекты. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Алена Баковіч расказала аб пошукава-даследчай дзейнасці па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны на базе аднаго з самых вядомых у краіне школьных музеяў – “Дзеці ліхалецця”.

Пра аднаўленне гістарычнай праўды ў дзейнасці партызанскага шпіталя, размешчанага на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і трэкер-праект “3D-шпіталь: #ведаем! #памятаем! #ганарымся!” расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Марыя Шавель.

Удзельнікі пасяджэння падвялі вынікі сустрэчы, на аснове якіх будзе складзены пратакол даручэнняў для вучнёўскіх і працоўных калектываў раёна. Сярод іншага ў ім – работа з рэспубліканскімі і міжнароднымі архівамі, пошукавыя мерапрыемствы, рэгулярныя суботнікі па навядзенні парадку на воінскіх пахаваннях і іншых аб’ектах увекавечання памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля АВЯРЧУК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: