У аб’ектыве – звароты грамадзян і другасныя рэсурсы

Важнае Улада

На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага з удзелам намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Віктара Галанава і старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіля Шлыка, былі разгледжаны два пытанні.

Як у 2023 годзе вялася работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, якія паступалі ў райвыканкам, выконваліся патрабаванні Дырэктывы Прэзідэнта  № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”, расказала намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч. Адзначыла, што дзякуючы зладжанай і мэтанакіраванай рабоце іх колькасць знізілася і складае 7 – на тысячу жыхароў. Заяўнікі аддавалі перавагу пісьмовым зваротам, аднак больш стала і электронных, што абумоўлена работай сэрвіса “Звароты. бел”. Дыстанцыйна часцей звяртаюцца жыхары іншых рэгіёнаў, якія прыязджаюць на Дзятлаўшчыну ў водпуск, на выхадныя. Звычайна іх хвалююць пытанні добраўпарадкавання месцаў пахавання, стан вулічна-дарожнай сеткі, звесткі аб арганізацыях, дабрачыннасць. Станоўча вырашаліся пытанні грэйдзіравання грунтавых дарог, выдалення аварыйных дрэваў. Сярод агульнай колькасці заяўнікаў пераважалі сяльчане, якія ўзнімалі пытанні водазабеспячэння, суседскіх узаемаадносінаў, працаўладкавання, аказання матэрыяльнай дапамогі. У вышэйстаячыя органы за 2023 год звароты склалі 0,74 на тысячу насельніцтва. Нярэдка такім чынам грамадзяне, нязгодныя з рашэннем райвыканкама, спадзяваліся вырашыць пытанне на сваю карысць, аднак, як сведчыць практыка, у большасці выпадкаў рашэнні, прынятыя мясцовым органам, заставаліся без змяненняў.

З выездам на месца ў мінулым годзе разгледжаны 61 зварот, з іх 14 – калектыўных. Аналіз зваротаў у раённы выканаўчы камітэт сведчыць, што 63 % з іх былі да кіраўніка раёна, больш актуальныя пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зямельныя, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, адукацыі.

Для папярэджання зваротаў спецыялізаванымі арганізацыямі своечасова праводзілася абслугоўванне дарожна-вулічнай сеткі; 110 могілак раёна перададзены на баланс ЖКГ; выконваўся бягучы і капітальны рамонт жылля; больш за тры тысячы заявак задаволіла кругласутачная аварыйная служба камунгаса; на інфармацыйных рэсурсах размяшчалася праграма перспектыўнага рамонту жылфонду і звесткі пра наяўнасць свабоднага арэнднага жылля. Зарэкамендавалі сябе дадатковыя формы работы з насельніцтвам: прамыя тэлефонныя лініі, адзіныя дні інфармавання, сустрэчы ў працоўных калектывах. Для вядзення адміністрацыйных працэдур і кансультавання функцыянуе служба райвыканкама “адно акно”. На партале рэйтынгавай ацэнкі можна пазначыць ступень сваёй задаволенасці работай таго ці іншага ведамства. Так, аналіз спраў сведчыць, што ўвага да ўсіх кірункаў работы са зваротамі грамадзян дазволіла трымаць сітуацыю на кантролі і не дапусціць росту колькасці скаргаў.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі зрабіў выснову, што вырашэнне пытанняў насельніцтва заўжды будзе актуальным, хаця не ўсе звароты бываюць абгрунтаваныя. Эканоміка Дзятлаўшчыны працуе паспяхова, таму свабодныя грашовыя сродкі будуць накіроўвацца на закрыццё сапраўды вострых праблем.

Віктар Галанаў для ўдасканалення работы з жыхарамі прапанаваў распрацаваць яшчэ і перспектыўны план рамонту дарог.

Аб выкананні ў 2023 годзе ўстаноўленых заданняў па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўшчыны расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко. Яна адзначыла, што заданні па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыялаў, пастаўцы адходаў паперы, кардону і шкла для дзяржаўных патрэбаў былі даведзены для кожнай арганізацыі раёна рашэннем райвыканкама. Аператарамі па зборы вызначаны РУП ЖКГ, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, ТАА “Гродновторсырьё плюс”, дзейнічаюць 8 прыёмных пунктаў, устаноўлены 234 кантэйнеры для асобнага збору, насельніцтву перададзены 1935 кантэйнераў для збору другасных рэсурсаў і столькі ж для цвёрдых камунальных адходаў, ёсць месца дасартыроўкі, усяго ахоплена зборам смецця 22 тысячы жыхароў. Аддзелам адукацыі райвыканкама праведзены акцыі, у выніку работы здадзены 53,7 тоны макулатуры, 8,2 тоны – палімераў. Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за справаздачны перыяд праведзена 15 аглядаў палігонаў цвёрдых адходаў, 18 – рэкультываваных і 25 кантрольных мерапрыемстваў. Згодна з дзеючым заканадаўствам прыняты рашэнні. Дзятлаўскі райЦГЭ адсочваў утрыманне кантэйнерных пляцовак і арганізацыю збору адходаў, з 1757 агледжаных тэрыторый парушэнні выяўлены на 659.

У 2023 годзе на Дзятлаўшчыне сабрана 1286,8 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў, або 89,4 % гадавога плану. З шасці даведзеных заданняў выканана чатыры.

Чаму не ўдалося выйсці на планавыя лічбы па асобных групах нарыхтоўкі, патлумачылі кіраўнікі арганізацый, якія не справіліся з заданнем.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што рэзервы ў гэтым напрамку ёсць, і адзін з іх – далейшае забеспячэнне жыхароў прыватнага сектара кантэйнерамі, сартаванне і больш глыбокая дапрацоўка смецця.

Тэму прадоўжыў Віктар Галанаў:

– На ўзроўні рэспублікі перапрацоўцы адходаў надаецца пільная ўвага. Распрацавана і рэалізуецца стратэгія па фарміраванні міжрэгіянальных палігонаў і будаўніцтве пры іх смеццеперапрацоўчых заводаў. Гэта затратныя мерапрыемствы, аднак і на месцах можна ў меншых маштабах арганізаваць такую работу. Краінай узяты курс на эканоміку замкнёнага цыклу, калі зніжаецца прамысловае рэсурсаспажыванне, адходы максімальна перапрацоўваюцца ў карысныя рэчы і энергію. Гэта эканоміка, але ёсць і сацыяльна-экалагічная адказнасць, якая не вымяраецца грашыма: сваім дзецям мы павінны пакінуць чыстую, прыдатную для жыцця Беларусь.

Павялічыць збор карысных адходаў у раёнах магчыма за кошт мабільных пунктаў, якія будуць выязджаць да вясковага насельніцтва, сартавальных станцый, кантэйнераў для прыватных домаўладанняў, паляпшэння экалогіі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: