Чаму важна трымаць цэны пад кантролем?

Важнае Грамадства

6 кастрычніка на нарадзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў распараджэнне ўвесці ў нашай краіне забарону на павышэнне цэнаў.

На працягу апошніх дзён у гэтым кірунку працуюць органы дзяржаўнага кантролю, адкрыты гарачыя тэлефонныя лініі. Не засталіся раўнадушнымі да падзеі і простыя грамадзяне.

Сваім меркаваннем, чаму важна трымаць цэны пад кантролем, падзяліліся і нашы землякі.

Лілія Шумская, шматдзетная мама:

– У апошнія гады павышэнне цэнаў на прамысловыя і харчовыя тавары носіць сістэматычны характар. На жаль, мы нават перасталі надаваць гэтаму ўвагу, бо цяжка запомніць кошт таго ці іншага тавару, калі ён пастаянна мяняецца.

Безумоўна, дастаткова адчувальным з’яўляецца павышэнне кошту тых тавараў, якія нам даводзіцца набываць кожны дзень. Апошнім часам вялікія сумы траціліся на асноўны набор прадуктаў і рэчаў бытавой хіміі, гэта адчувальна “біла” па кішэні. Таму для мяне, як для шматдзетнай маці і маці сына-студэнта, немалаважным з’яўляецца рашэнне Прэзідэнта па спыненні росту цэн. Радуе, што іх рэгуляванне будзе ажыццяўляцца на рэспубліканскім узроўні. Гэта яшчэ раз даказвае занепакоеныя адносіны Прэзідэнта да свайго народа і нашага ўзроўню жыцця.

Ядвіга Гушча, пенсіянерка:

– Цэны для людзей нашага ўзросту маюць значэнне, бо мы атрымліваем толькі пенсію. Здараецца, калі прыходзіш у магазін і бачыш кошт на прывычны для сябе прадукт, нават здзіўляешся: калі паспеў так “падскочыць”, і вырашаеш – браць ці абысціся.

Асабліва важнымі ў спажывецкай карзіне пенсіянераў з’яўляюцца малочныя прадукты – кефір, малако, масла, сыры, на якія на працягу апошняга года адзначаўся заўважны рост цаны. Адбыўся і рэзкі пад’ём кошту на нехарчовыя бытавыя тавары. Як простыя абывацелі, мы часам не ведаем, наколькі мэтазгодна і абгрунтавана такое павышэнне, аднак адчуваем, што становіцца ўсё цяжэй эканоміць. Чаму так адбываецца? Магчыма, гэта звязана з пасрэднікамі, якія таксама жадаюць мець пэўны даход ад перапродажу тавараў. Простым жа людзям хочацца танных цэнаў. Гандляры на кірмашы таксама спасылаюцца на курс долара, аднак апошнім часам ён больш-менш стабільны, таму такая матывацыя незразумелая.

Поўнасцю падтрымліваю рашэнне Прэзідэнта, які даў заданне “трымаць цэны пад кантролем”. Раней да кошту тавараў адносіліся больш строга, бо гэта даходы кожнага з нас. Чым даражэйшыя тавары, тым менш у чалавека застаецца грошай у кашальку, тым цяжэй дачакацца наступнай пенсіі ці зарплаты.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што “сацыяльная несправядлівасць недапушчальная”. Мяркую, што неабходнасць для рашэння па стрымліванні цэнаў прыспела, бо ўзровень інфляцыі адчувальна паўплываў на ўзровень нашага жыцця.

Я падтрымліваю нашага Прэзідэнта, бо таксама лічу, што нельга дапусціць як дэфіцыту тавараў, так і высокай інфляцыі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga