“Суперагенты” Башкоўскія

Важнае Грамадства

Хто такі сучасны страхавы агент? Як правіла, хто паспеў рэалізаваць сябе ў розных сферах дзейнасці, мае немалы вопыт, знайшоў сваю прафесійную нішу, дзе найбольш эфектыўна можна рэалізавацца.

Усе названыя характарыстыкі дарэчы, калі размова ідзе пра сямейны дуэт страхавых агентаў  – Ганну і Пятра Башкоўскіх, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але не развітваюцца з любімай справай.

Ганна Анатольеўна жартуе, што разам з любімым мужам яны не толькі 40 гадоў у шлюбе, але і ў страхавой службе – чвэрць стагоддзя на дваіх. Абое нарадзіліся на Дзятлаўшчыне, дзякуючы шчасліваму выпадку пазнаёміліся, стварылі сям’ю і зрабілі ўсё, каб яна была шчаслівай і забяспечанай.

– Як і ўсім маладым парам, нам хацелася ўласнае жыллё ў райцэнтры, таму вырашылі дасягаць сваёй мэты сваімі сіламі, – расказвае Пётр Башкоўскі.

Каб атрымаць дом у Дзятлаве, ён уладкаваўся на працу ў калгас імя Чапаева (дзе, дарэчы, працаваў доўгія 18 гадоў на розных пасадах), разам з жонкай два сезоны запар працавалі экіпажам на камбайне ў час уборачнай кампаніі. Атрымалі калгасны дом, які дабудоўвалі самі, з заробленых у сезон грошай набылі мэблю, абжыліся. Выгадавалі двух сыноў, маюць пяцёра ўнукаў.

У 2010 годзе, калі пачалася рэарганізацыя калгасаў, Пётр Антонавіч вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай спецыяльнасці, прыйшоў у Дзятлаўскае прадстаўніцтва Белдзяржстраху, праз год да яго далучылася Ганна Анатольеўна. З таго часу працуюць з кліентамі кожны на сваім участку, але заўжды разам, нават па справах ездзяць на адной машыне.

– Работа з людзьмі не такая простая, як можа падацца на першы погляд, – расказвае Пётр Башкоўскі. – Яна патрабуе самакантролю, дысцыпліны, добразычлівасці і мабільнасці.

– Ці лёгка было пачынаць на новым месцы работы?

– Для пачынаючага агента складаны першы год, калі трэба даведацца і асвоіць шмат новага, напрацаваць кліенцкую базу, затым усё становіцца звыкла і зразумела, – кажа Ганна Анатольеўна.

Справа страхавога агента цікавая і зменлівая – толькі паспявай! Пачатак сваёй кар’еры тут Башкоўскія ўзгадваюць як пару папяровых страхавых полісаў і мора пісаніны.

– Столькі трэба было пісаць, што аж пальцы балелі, шукалі спецыяльна ручкі больш мяккія, – узгадвае Пётр Антонавіч. – А пасля эпідэміі каранавірусу сталі больш пераходзіць на камп’ютары, цяпер актыўна працуем у электронных праграмах. Дарогу адолее той, хто ідзе, таму і для нас няма нічога немагчымага.

Башкоўскія прызнаюцца, што страхаваць сваё жыллё, маёмасць і транспарт прывучаны здаўна: як і ўсе прадстаўнікі старэйшага пакалення прывыклі цаніць тое, што зароблена стараннай працай. Пакуль ёсць сілы і задор, з любімым прадстаўніцтвам развітвацца не збіраюцца, тым больш што працаваць разам – у радасць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga