Дзеда Мароза чакалі?

Важнае Грамадства

Акцыя “Нашы дзеці” на Дзятлаўшчыне заўжды багатая на падзеі.

Перад Новым годам Дзядуля Мароз і Снягурачка з пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” Новаяльнянскай сярэдняй школы наведалі шматдзетныя сем’і гарпасёлка Наваельня і Новаяльнянскага сельскага савета.

Мясцовыя жыхаркі Вольга Сіняк, Людміла Максімчык, Алеся Скіба, да якіх завіталі госці з падарункамі, – шматдзетныя матулі, удастоеныя высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці.

У сям’і Скібаў дзевяць дзяцей, сярод якіх і зусім маленькія, і дарослыя. У вялікай дружнай сям’і пануюць любоў і згода, тут умеюць клапаціцца адзін пра аднаго і падтрымліваць, разам бавяць будні і рыхтуюцца да святаў. “Багатая” матуля Алеся Скіба расказала пра сваю сям’ю і святочныя традыцыі.

– Алеся Уладзіміраўна, як зваць вашых дзяцей і якога яны ўзросту?

– Валерыя, Вольга, Паліна, Аляксандр, Цімафей, Матвей, Ніка, Караліна і Васіль. Малодшы сын Васіль Васільевіч, у гонар таты, яму год і восем месяцаў. Старэйшая дачка Валерыя жыве і працуе ў Брэсце.

– Як рыхтуецеся да навагодніх святаў?

– Мы пачынаем рыхтавацца з каталіцкіх Калядаў 24 снежня і заканчваем пасля Хрышчэння святкаваннем Дня нараджэння нашага таты. За прыгатаванне навагодняга стала адказваю заўжды я, бо дзеці не вельмі любяць гатаваць. А вось парадак у доме – гэта іх задача.

Пра што пішуць лісты Дзядулі Марозу вашы дзеці?

– Як і ўсе іх равеснікі, нашы дзеці таксама мараць пра гаджэты. Сёлета пад навагоднюю ёлку новы смартфон атрымае старэйшы сын, а таксама дачка Ніка, якая на выдатна вучыцца ў школе. За поспехі ў вучобе яе запрасілі ў Мінск на Прэзідэнцкую ёлку.

– Якое ваша любімае свята?

– Мой дзень нараджэння. З гэтай нагоды я атрымліваю штогод аднолькавы, але вельмі прыемны падарунак – выхадны дзень. Я пакідаю ўсе хатнія клопаты на сям’ю, а сама еду ў госці да старэйшых дзяцей.

– Выхаванне дзевяцярых дзяцей – нялёгкі клопат. Хто вам у гэтым дапамагае?

– Галоўная падтрымка і апора – муж Васіль. Наш прыгожы ўтульны дом, дзе гадуем дзяцей, – справа яго майстэрства і таленту. Таксама хачу выказаць словы ўдзячнасці Новаяльнянскай школе і яе дырэктару Марыне Лашкоўскай. За цярпенне і разуменне ў любых сітуацыях.

– Што хацелі б пажадаць сваім блізкім і ўсім дзятлаўчанам у новым годзе?

– Сваёй сям’і, дзятлаўчанам і ўсім беларусам жадаю моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

У ходзе акцыі “Нашы дзеці” Дзятлаўскай раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Белая Русь” было ўручана 20 салодкіх падарункаў шматдзетным сем’ям.

Як адзначыла старшыня пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” Новаяльнянскай сярэдняй школы Вольга Юшкевіч, маленькім і юным новаяльнянцам уручаюць не толькі салодкія падарункі да Новага года. Трыццаць дзяцей са шматдзетных, апякунскіх сем’яў, пераможцы конкурсаў і алімпіяд наведаюць рэспубліканскае дабрачыннае навагодняе прадстаўленне ў Беларускім дзяржаўным цырку, там яны атрымаюць салодкія падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: