Дораць цяпло, праганяюць адзіноту. На Дзятлаўшчыне выбіралі лепшага сацыяльнага работніка

Галоўнае Грамадства

Конкурс вельмі патрэбных і заўжды чаканых спецыялістаў прайшоў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Людзі-ўніверсалы, здольныя на хуткія і мудрыя рашэнні, якія ў любое надвор’е спяшаюцца да сваіх падапечных, каб зрабіць іх восень жыцця цёплай і камфортнай, на гэты раз выйшлі на сцэну і расказалі аб сабе крыху больш – пра характар, захапленні, жыццёвыя прыярытэты і не толькі.

Ужо на ўваходзе ў залу ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць канкурсантаў, сустракала яркая экспазіцыя – іх творчае завочнае заданне. Удзельнікі пастараліся без слоў – праз свае вырабы, прыгатаваныя стравы, афармленне сталоў – максімальна расказаць пра сябе.

Вядучая Наталля Маліноўская прадставіла ўсіх 5 канкурсантак, коратка характарызуючы кожную з іх. Расказала, што сацыяльная работніца Жанна Варган аказвае сацыяльныя паслугі па Вензавецкім сельскім савеце, працуе ў аддзяленні з 2021 года, без яе песень не абыходзіцца ніводнае творчае мерапрыемства, падапечныя яе любяць і паважаюць за адкрытасць, добрасумленнасць, пазітыў. Паслугі па гарпасёлку Наваельня аказвае Таццяна Кузняцова, якая ў прафесіі з 2016 года, яна ўмее да кожнага падабраць ключык і прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Юлія Мурын абслугоўвае пажылых людзей у горадзе Дзятлаве, у аддзяленні з 2020 года, для падапечных умее знаходзіць патрэбныя словы, яна вясёлая, абаяльная, уважлівая. У доме сумеснага самастойнага пражывання аграгарадка Гезгалы з 2013 года працуе Вольга Раманенка, спраўная работніца, адказная за камфорт і бяспеку пражывання насельнікаў, для іх адначасова з’яўляецца і поварам, і сябрам, і сацыяльным работнікам, і псіхолагам. У Дзятлаве пажылым грамадзянам з 2014 года дапамагае Алена Радзько, а ўсяго яе стаж у сферы – 22 гады. Жанчына актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх справах сваёй арганізацыі, шматлікіх творчых, валанцёрскіх, спартыўных мерапрыемствах.

Перад выпрабаваннямі канкурсантак падбадзёрыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама старшыня журы Алена Васкель:

– Я ўпэўнена, што прафесія сацыяльнага работніка і надалей застанецца запатрабаванай. Магчыма, дзесьці і можна замяніць чалавека машынай, але ў вашай справе – ніколі. Пажылым людзям неабходны сапраўдныя чалавечыя эмоцыі – цеплыня, клопат, стасункі, якія вы ім дорыце. Таму жадаю, каб і ў вашых сем’ях панавалі здароўе, дабрабыт, шчасце.

У конкурсе візітовак “Маё прызванне – сацыяльная работа”. Канкурсанткі паразважалі аб тым, за што любяць сваю прафесію, якія якасці характару дапамагаюць ім спраўляцца з цяжкасцямі і нечаканасцямі, а што прыносіць задавальненне і добры настрой.

Другое конкурснае заданне “Прафесійны экспромт-кансультацыя” запатрабавала грунтоўных ведаў у сферы аказання сацыяльных паслугаў. Кожная з удзельніц атрымала па тры пытанні, на якія дала поўныя і зразумелыя для аўдыторыі адказы. Менавіта такім чынам сацработнікі кансультуюць і сваіх падапечных, бо аказанне інфармацыйных паслугаў пажылым людзям таксама ўваходзіць у кола іх прафесійных абавязкаў.

Шмат пазітыву падарыў гледачам трэці, творчы конкурс. Удзельніцы раскрылі свае здольнасці, захапленні і таленты. Таццяна Кузняцова выразна прадэкламавала верш земляка пра Наваельню, а Юлія Мурын наогул напісала свой з філасофскімі разважаннямі аб прафесійнай дзейнасці і жыцці, Жанна Варган падрыхтавала душэўную песню, а Вольга Раманенка з мужам праспявалі вясёлыя і арыгінальныя прыпеўкі, Алена Радзько ў сваю чаргу гасцінна запрасіла членаў журы за стол з традыцыйнымі стравамі беларусаў, бо яе захапленне – гатаваць і частаваць.

Заданне ад членаў журы вымусіла ўдзельніц іспытаў знайсці мудрыя рашэнні, як дзейнічаць у нестандартных жыццёвых сітуацыях, якія могуць здарыцца ў іх з падапечнымі.

Падвесці вынікі конкурсу аказалася няпроста, бо ўсе жанчыны-ўдзельніцы па-свойму цікавыя і таленавітыя, а таму кожная з іх атрымала дыплом “За праяўлены талент, крэатыўнасць і актыўны ўдзел у конкурсе” з рук ганаровага члена журы Галіны Чура, кветкі і грашовыя прэміі – ад кіраўніцтва ўстановы. Па добрай традыцыі спонсарамі мерапрыемства сталі яшчэ і грамадскія аб’яднанні – раённыя арганізацыі ГА “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа, цёплыя словы пажаданняў сацыяльным работніцам адрасаваў старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Напрыканцы прыспеў час уручыць самую важкую ўзнагароду – дыплом пераможцы з пазнакай “Лепшы сацыяльны работнік-2023”. Яго ўладальніцай сёлета стала Алена Радзько.

– Атрымала шмат пазітыву. Вельмі ўдзячна лёсу за добрых людзей на жыццёвым шляху, сваім падапечным – за тое, што яны ёсць, калегам – за падтрымку і цёплыя адносіны, наогул, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна стаў для мяне важным складальнікам жыцця, другім родным домам, – падзялілася ўражаннямі пераможца.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga