“Чарнобыль – боль нашай зямлі”

Важнае Культура і адпачынак

У “экспедыцыю памяці” пад такой назвай 26 красавіка, у Дзень чарнобыльскай трагедыі, усіх жадаючых паклікалі работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

Ажыццявіць экскурс “на 38 гадоў назад” прыйшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ратаўнікі, педагогі, нераўнадушныя дзятлаўчане.

– У ноч з 25 на 26 красавіка здарылася катастрофа непрадказальнага маштабу, якая найперш закранула горад атамшчыкаў Прыпяць з насельніцтвам у 47 тысяч чалавек, пераважна моладзі да 30 гадоў, – пачалі сумны аповед бібліятэкар аддзела маркетынгу Алена Якаўчык і бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Аляксандра Жалязоўская. – Падзеі, якія прывялі да аварыі, пачалі развівацца раніцай 25 красавіка: рэактар чацвёртага блока меркавалася спыніць на планавы прафілактычны рамонт. Скарыстаўшыся гэтым, вырашылі правесці яшчэ і выпрабаванні. Ноччу ўзровень яго магутнасці знізілі, затым спецыяльна адключылі сістэму бяспекі, у хуткім часе тэмпература настолькі ўзрасла, што пачалася некантралюемая цапная рэакцыя, адбыліся ўзрывы.

Менавіта ў той дзень на прылеглыя тэрыторыі, а радыяцыйнаму забруджванню падвергліся больш за 200 кіламетраў у Беларусі, Расіі, Украіне з жыхарамі 17 мільёнаў чалавек, прыйшлі бяда і смерць. Больш за 200 тысяч людзей памянялі месца жыхарства, высокую дозу радыяцыі атрымалі 20 мільёнаў, радыяцыйныя рэчывы падняліся ў атмасферу і дасягнулі тэрыторый іншых краін. У зоне аварыі з першых яе гадзін і яшчэ доўгі час працавалі ліквідатары. Сярод іх быў і наш зямляк Віктар Яраш, член Беларускага рэспубліканскага аб’яднання ліквідатараў “Інваліды Чарнобыля”, гісторыя якога апублікавана ў зборніку “Чарнобыльскі боль”.

Віктар Мікалаевіч падзяліўся сваімі ўспамінамі з прысутнымі:

– Тэрміновую службу я праходзіў у 1981-1983 гадах у Забайкаллі. Праз тры гады пасля дэмабілізацыі, у лістападзе 1986-га, быў выкліканы на спецыяльныя ваенныя зборы па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трапіў на акраіну Брагіна. Нас вазілі на работы па дэзактывацыі: касілі бур’ян, здымалі радыеактыўны грунт, грузілі ў машыны і вазілі ў магільнік. Рабілі абвалоўку калодзежаў. А 28 лістапада нас вазілі на чацвёрты энергаблок прыбіраць радыеактыўнае смецце на ўвесь дзень з перапынкам толькі на абед.

Краявіды ў тых мясцінах былі страшныя: пустыя вёскі, абнесеныя калючым дротам, палі з пачарнелымі пасевамі, чорныя яблыкі на дрэвах. 30 лістапада афіцыйна аб’явілі аб заканчэнні ўзвядзення саркафага. Усяго на зборах я прабыў 169 сутак, да мая 1987 года.

У 2010 годзе з грамадскага аб’яднання “Інваліды Чарнобыля” ад Уладзіміра Камянкова мне прыйшло пісьмо з просьбай апісаць свае ўспаміны. Так мая гісторыя трапіла ў чацвёртае выданне кнігі “Чарнобыльскі боль”, якая была надрукавана пры фінансаванні Кітайскага пасольства.

Пасля свайго аповеда Віктар Яраш адказаў на пытанні прысутных і прачытаў шчымлівы верш “Чарнобыльскі крыж”. Усе ўдзельнікі сустрэчы шчыра падзякавалі Віктару Мікалаевічу за яго выступленне, пажадалі моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця і мірнага неба над галавой.

Вынікі мерапрыемства падвялі Алена Якаўчык і Аляксандра Жалязоўская, падкрэсліўшы, што Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе закліканы служыць напамінам аб небяспецы ядзерных аварый, выпрабаванняў і агрэсій, ён нагадвае нам аб неабходнасці ўмацавання міру на Зямлі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga