На Дзятлаўшчыне праходзіць выязны вучэбна-метадычны збор праваахоўнікаў вобласці

Важнае Грамадства

На базе  аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама праходзіць вучэбна-метадычны збор ідэалагічных работнікаў і кадравых супрацоўнікаў УУС Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць больш дэталёва азнаёміцца са станам ідэалагічнай і кадравай работы ў раёнах.

У рамках збору да Года гістарычнай памяці ў гарадскім парку каля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўшчыны, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова – прайшло ўрачыстае ўшанаванне подзвігаў герояў.

– Гістарычная памяць – гэта сувязь часоў і пакаленняў, якая адлюстроўвае непарыўнасць лёсу незалежнай Беларусі і гераічных старонак яе народа. Ва ўроках мінулага закладзены наш будучы дабрабыт, таму нельга забываць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыла вядучая ўрачыстасці Наталля Маліноўская.

Песню аб подзвігах герояў вайны прысутным падарыла Ала Чарняўская.

Намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Вячаслаў Страчынскі зазначыў, што ў Год гістарычнай памяці сустрэча нездарма праходзіць на знакавым месцы не толькі для дзятлаўчан, але іншых беларусаў. Сапраўды, без шанавання роднай гісторыі няма будучыні. Ён заклікаў удзельнікаў збору памятаць аб тым, што далейшы лёс Радзімы – у нашых руках, і да такіх знакавых месцаў трэба прыходзіць не толькі ў час мерапрыемстваў, але і з сем’ямі, асабовым саставам, каб ведаць гісторыю, ісці наперад і моцна трымаць у руках будучыню Рэспублікі Беларусь.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Вячаслаў Страчынскі ўручыў супрацоўнікам упраўлення заслужаныя ўзнагароды і пагоны ў сувязі з прысваеннем чарговых званняў.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка ў гонар тых, хто абараніў свет ад фашызму.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: