Дзятлаўчанкі вельмі прыгожыя

Важнае Грамадства

8 верасня адбудзецца фінал конкурсу “Міс Беларусь-2023”, які ўжо на працягу некалькіх месяцаў прыцягвае ўвагу аўдыторыі.

Нашы зямлячкі таксама сёлета паўдзельнічалі ў конкурсах грацыі і таленту “Краса Дзятлаўшчыны” і “Марафон нявестаў”. Яны падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемстваў і паразважалі пра верагодны ўдзел ва ўсебеларускім конкурсе прыгажосці.

Алена Касцюк:

– З радасцю прыняла прапанову далучыцца да “Марафону нявестаў”. Іспыты былі не складаныя: давялося больш увагі ўдзяліць харэаграфіі, рэпеціравалі пастаноўку танца, вынік мяне задаволіў. Гэта першы мой такі вопыт, і я атрымала дыплом трэцяй ступені. Хацела б у будучым паспрабаваць сябе ў іншых конкурсах, магчыма, выйсці за межы раёна. “Міс Беларусь”? – а чаму б і не?!

Таццяна Васько:

– На “Марафоне нявестаў” мяне найбольш уразіла дэфіле – першае ў маім жыцці, адчула сябе сапраўднай суперзоркай. Калі выдасца такая магчымасць, з радасцю буду прымаць удзел у падобных мерапрыемствах. На жаль, па ўмовах конкурсу “Міс Беларусь” не змагу стаць яго ўдзельніцай: я даўно шчаслівая ў шлюбе. Нашы дзятлаўчанкі таксама вельмі прыгожыя, яны могуць дастойна прадставіць свой раён на конкурсах падобнага ўзроўню. Спадзяюся, так і будзе ў недалёкай будучыні.

Вераніка Верамейка:

– Вельмі спадабаўся конкурс “Марафон нявестаў”, дзякуй за выдатную арганізацыю работнікам Цэнтра культуры. Такія мерапрыемствы вельмі патрэбны нашаму невялікаму прыгожаму гораду. Хачу пажадаць дзяўчатам, каб не саромеліся, актыўна далучаліся. Сама я вельмі рада, што перамагла ў “Марафоне нявестаў”, мяне шмат хто падтрымліваў. Мы разам з сяброўкамі ўважліва сочым за конкурсам “Міс Беларусь-2023”, глядзім дзённікі па тэлебачанні, “хварэем” за ўдзельніцу з суседняга, Слонімскага раёна Анжаліку Ігнатовіч. Я таксама, як і яна, працую медыцынскай сястрой. Не выключаю, што калі-небудзь рашуся паўдзельнічаць у такім маштабным конкурсе, ажыццяўлю сваю даўнюю мару.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga