Калонка рэдактара. Не варта крыўдзіцца на людзей

Важнае Грамадства

Ідзе чалавек па вуліцы.

Знешне някепска выглядае: і вопратка нічога, і абутак – усё акуратна, чысценька, з густам. Ідзе, гледзячы перад сабою, недзе спяшаецца, думае аб нечым сваім, увесь у сваіх думках. А думкі розныя: аб працы, сям’і, дзецях, бацьках…

Вам гэтая замалёўка нічога або нікога не нагадвае?

Можа, не заўсёды, але гэта ўсё пра нас. Так мы спяшаемся на працу, дахаты. Бывае, хоць вельмі за гэта сорамна, што можа каго па дарозе і не заўважым, не павітаемся, прабачайце.

І хаця жывём мы ў невялікім гарадку, многія адзін аднаго ведаюць, але наколькі? І чаму мы ў жыцці сутыкаемся са здрадай, хлуснёй, крыўдамі?

Ці не бывае ў нашым жыцці сітуацый, калі нешта папрасіў у чалавека, а ён цябе падвёў і не лічыць сябе вінаватым. А ты яму давяраў! Кепска ведаў, убачыў тое, чаго няма на самой справе? Бывае і наадварот. Згадзіцеся, нават тыя, хто разам з намі працуюць, падчас неафіцыйных узаемаадносінаў, напрыклад, на карпаратыве, экскурсіі, раскрываюцца зусім з іншага боку. І чалавек сур’ёзны раптам становіцца душою кампаніі, “ціхоня”  выдатна чытае вершы або спявае, нехта добра расказвае анекдоты, а нехта ў час мерапрыемства робіць цікавыя здымкі пра калег, каб калі-небудзь паказаць. І на наступны дзень пасля цудоўнага адпачынку мы ў адзін голас кажам: “І  хто б мог падумаць, што наш…”. Так мяняюцца нашы адносіны да чалавека, і мы самі сабе задаём пытанне: “І як такога выдатнага сябра не разгледзелі раней?”.

Так, усе мы розныя. Розныя не толькі па характары, тэмпераменце, поглядах на жыццё. Быць рознымі ад нас патрабуюць і абставіны. На рабоце мы адны, дома – другія, інакш мы будзем сябе паводзіць на афіцыйным форуме і на сямейнай вечарыне. І наколькі вялікі ўнутраны свет у чалавека, проста так не зразумець, асабліва калі табе нават не давялося з ім пагаварыць.

А ўражанне, якое склалася толькі ад знешняга вобліку ці са слоў  суседа або сябра, можа быць вельмі далёкім ад таго, які ёсць чалавек на самой справе.

Зразумела, кагосьці з людзей па дарозе згубім, нехта раптам з’явіцца новы, але, як гаварыў Фрыдрых Ніцшэ: “Не бойцеся кагосьці страціць. Вы не страціце таго, хто патрэбен вам па жыцці. Губляюцца тыя, хто пасланы вам для вопыту. Застаюцца тыя, хто пасланы вам лёсам.”

Таму не крыўдзіцеся на людзей, моўчкі рабіце высновы.

Наталля КАЛОДКА