Дзелавы панядзелак. Бяспека дарожная, пажарная і ветэрынарная

Важнае Улада

Нягледзячы на інтрыгі зімы ў выглядзе невялікіх маразоў, якія зноў кароткімі прамежкамі часу скоўваюць наваколле, хуткае набліжэнне вясны ўжо адчуваецца ва ўсім: і ў яркім сонцы, і ў настроі людзей.

Службы раёна таксама актывізуюць дзейнасць па навядзенні парадку на зямлі, рамонце дарог, будаўніцтве новых аб’ектаў, арганізацыі культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў – гэта абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Дарога давядзе

У франтавыя пераўтвараюцца гарадскія і вясковыя дарогі пасля зімовых перападаў тэмператур, вільготнасці і прымянення на іх пясчана-салявых сумесей.

– Няма сёлета такіх мінусавых паказчыкаў тэмператур, каб нечага чакаць і не займацца рамонтам дарог. Па гарпасёлку Наваельня хутка ўжо зусім не праедзеш. Ды і ў райцэнтры, і іншых населеных пунктах раёна хапае ямаў для дарожных “устрэсванняў”. Зразумела, што пакуль не асфальціраванне праводзіць, але падсыпаць і грэйдзіраваць, назапашваць надалей гравійныя сумесі неабходна. Прыступайце неадкладна да гэтых работ, – паставіў задачу дарожнай і камунальнай службам Андрэй Садоўскі.

Печка – без дыму, дом – без пажару

З мэтай павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі грамадзян супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС у гэтым годзе плануюць, выкарыстоўваючы розныя крыніцы бюджэтнага фінансавання, у домаўладаннях пэўнай катэгорыі дзятлаўчан правесці мерапрыемствы супрацьпажарнага характару: у адным домаўладанні – рамонт электраправодкі, у 7 – пячнога ацяплення, устанавіць 27 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, яшчэ 7 АПА – з вывадам сігналу на знешнюю сігнальна-гукавую прыладу.

Мяняем фармат

У суботу 4 сакавіка Дзятлава запрашае жыхароў і гасцей раёна на культурна-спартыўнае свята “Насустрач вясне”. Яно пройдзе на плошчы 17 Верасня. Арганізатары абяцаюць насычаную праграму з выступленнем артыстаў, народнымі гульнямі і дэгустацыяй прысмакаў. Захаваць уражанні ад свята і падзяліцца імі ў сацыяльных сетках можна будзе на фотазонах.

Старшыня райвыканкама заўважыў, што без культуры наша жыццё было б сумным, нецікавым і аднастайным. Менавіта святы, народныя, дзяржаўныя, прафесійныя, ствараюць для нас урачыстую атмасферу, дораць пазітыўны настрой. Толькі арганізатарам трэба разумець, што мерапрыемствы павінны мяняць свой фармат, каб заставацца цікавымі для людзей.

Не дапусціць падзяжу

На нарадзе абмеркавалі тэмы ветэрынарнай бяспекі ў гаспадарках і на прысядзібных участках грамадзян. Больш падрабязна спыніліся на хваробе Ньюкасла. Гэта небяспечны вірус птушынай чумы, і, на жаль, куры схільныя да заражэння. Механічнымі пераносчыкамі інфекцыі з’яўляюцца дзікія птушкі, бяздомныя жывёлы, грызуны, кляшчы. Захворванне працякае востра і хутка распаўсюджваецца, выклікае масавы падзеж дамашняй птушкі.

– У мінулым годзе на тэрыторыі раёна такі прэцэдэнт быў на прыватных падворках грамадзян. Набліжаецца вясна. Не дапусціце распаўсюджвання хваробы зараз. Правядзіце аператыўна вакцынацыю, тым больш што вакцына закуплена, – звярнуўся старшыня райвыканкама да галоўнага ветэрынарнага доктара раёна Баляслава Куляша.

Сельвыканкамы ў бліжэйшы час падрыхтуюць спісы гаспадароў, якія жадаюць вакцынаваць сваю птушку на прыватных падворках, і ў вызначаны час спецыялісты Дзятлаўскай райветстанцыі правядуць вакцынацыю.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga