І паглядзець, і падзякаваць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне са стартам новага сельскагаспадарчага сезона шмат увагі надаецца ўмовам працы механізатараў.

У іх руках – будучы ўраджай. Менавіта таму важна забяспечыць работнікаў поля ўсім неабходным, каб яны адчувалі сябе камфортна і маглі эфектыўна выконваць свае абавязкі. Варта адзначыць, што ў гаспадарках раёна ёсць нямала добрасумленных механізатараў, з якіх трэба браць прыклад. Яны з радасцю і энтузіязмам працуюць на зямлі, поўнасцю аддаюць сябе выбранай прафесіі, робяць усё магчымае, каб прынесці карысць роднай гаспадарцы.

Так, КСУП “Хвінявічы” ў адзін з “гарачых” для аграрыяў дзень наведаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён паглядзеў, як ідуць сельскагаспадарчыя работы, ці выконваюцца патрабаванні па ахове працы, звярнуў увагу на ўмовы харчавання механізатараў, праверыў наяўнасць у іх спецадзення і абутку, сродкаў індывідуальнай абароны, пітной вады. Ва ўрочышчы Вялікае Поле раённы прафсаюзны лідар работнікаў АПК спыніўся яшчэ і па іншай прычыне: там займаўся культывацыяй адзін з лепшых механізатараў нашага раёна Андрэй Клюкач. Уладзімір Фёдаравіч падзякаваў мужчыну за добрасумленную працу і ўручыў яму карысны падарунак – тэрмас.

– Рыхтую глебу да сяўбы ўжо на другім полі. Вельмі рады, што мая праца цэніцца. Падарунак спадабаўся. Цяпер будзе магчымасць браць з сабой на выезд гарачы і духмяны чай. Для плённай працы ёсць усё неабходнае. Дзякуй, што не забываеце пра нас – працаўнікоў зямлі, – сказаў Андрэй Мікалаевіч.

Акрамя перадпасяўной апрацоўкі глебы, мужчына ўносіць вадкія ўгнаенні і ўдзельнічае ў нарыхтоўцы кармоў.

***

Тым часам у КСУП “Хвінявічы” на 30 сакавіка завяршылі сяўбу аўса і ячменю. Сельскагаспадарчыя культуры пасеяны на 29 і 60 гектарах адпаведна. Работы вяліся на палях паблізу вёскі Руда Яварская. Сярод гатункаў: авёс – “Эрбграф”, ячмень – “Добры”. З “пасяўной” задачай выдатна справіўся механізатар Анатоль Лаўнік на трактары МТЗ-2522 з сеялкай АПП-6Л. Наступная на чарзе яравая пшаніца. Ёй плануецца засеяць 50 гектараў. У сваю чаргу, у гаспадарцы працягваюцца апрацоўка глебы пад сяўбу, унясенне арганічных угнаенняў, падкормка азімых зерневых культур, ворыва, дыскаванне і збор камянёў на палях.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: