2024 – Год якасці. Што на паліцах аўталаўкі і сельскага магазіна?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

20 красавіка на базе гандлёвых аб’ектаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства прайшла нарада па пытанях якасці гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.

Знаёміцца з работай гандлёвых аб’ектаў выехала рабочая група ў саставе першага намесніка старшыні праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Васіля Міхальчыка і начальніка ўпраўлення гандлю Марыі Ількевіч.

Дзятлаўскі філіял аблспажыўтаварыства прадстаўлялі яго дырэктар Мікалай Гародка, намеснік дырэктара Алеся Лазута. Удзел у нарадзе прыняла намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Жэлезоўская, старшыні сельвыканкамаў раёна, дзе праходзіла знаёмства з гандлёвымі аб’ектамі.

Звярталі ўвагу на якасць абслугоўвання пакупнікоў, асартымент і якасць рэалізуемых тавараў, цэнавую палітыку, цікавіліся пажаданнямі і меркаваннем вяскоўцаў.

Як расказаў Мікалай Гародка, на сёння Дзятлаўскі філіял забяспечвае занятасць, стабільны даход і сацыяльныя гарантыі 340 работнікам, абслугоўвае 23,2 тысячы насельніцтва раёна, 51 % з якіх – гэта жыхары сельскай мясцовасці. Вядучым у сістэме спажывецкай кааперацыі па-ранейшаму застаецца гандлёвы напрамак, і прыярытэтная задача – забяспечыць якасць гандлю, асабліва ў сельскай “глыбінцы”, бо тут спажыўкааперацыя – асноўны аператар.

На Дзятлаўшчыне працуюць 20 сельскіх магазінаў. Гэта 48,8 % ад агульнай колькасці гандлёвых аб’ектаў філіяла. Абслугоўванне 172 вёсак і каля 4700 іх жыхароў ажыццяўляюць 8 аўтамагазінаў. Маршруты распрацаваны так, каб у населены пункт “аўталаўка” прыязджала па 2-3 разы на тыдзень. Усе аўтамагазіны забяспечаны ізатэрмічным халадзільным абсталяваннем, што дазваляе пашырыць асартымент тавараў, для якіх неабходны пэўны тэмпературны рэжым: каўбасных вырабаў, малочнай, рыбнай прадукцыі, марожанага, іншых. Горкі і шафы з асаблівым мацаваннем захоўваюць тавары пры яздзе. На машынах устаноўлены GPS-навігатары, таму аператар можа сачыць за захаваннем графіку на маршруце. У вёсках вызначаны месцы прыпынку аўтамагазінаў, іх звычайна два-тры, што залежыць ад працягласці населенага пункта і пажаданняў пакупнікоў.

Рознічны тавараабарот за студзень-сакавік 2024 года склаў 5082,3 тысячы рублёў – 105,8 % да адпаведнага мінулагодняга перыяду ў супаставімых цэнах.

Задавальненне попыту ў гандлёвай сетцы філіяла забяспечваецца пераважна за кошт тавараў айчыннай вытворчасці, удзельная вага якіх у рознічным тавараабароце 93,2 %.

Каб больш дэталёва азнаёміцца з работай “аўталавак”, удзельнікі нарады наведалі прыпыначны пункт аўтамагазіна № 1 у вёсцы Парэчча. Не толькі агледзелі асартымент “магазіна на колах”, але і пацікавіліся ў мясцовых жыхароў, ці задаволены яны яго работай. Водгукі пачулі станоўчыя.

Таццяна Кохіна, жыхарка вёскі Парэчча:

– Ауталаўка прыходзіць да нас па тры разы на тыдзень, па графіку, незалежна ад сезону. На прадаўцоў нараканняў няма, яны ветлівыя, уважлівыя, ведаюць наш густ і пажаданні, заўсёды перапытаюць, падкажуць, каб нічога не забыліся. Заўвагаў па асартыменце і свежасці тавараў таксама не ўзнікала, каго я ведаю – усе задаволены. Прыпынак побач, хадзіць зручна. Наогул, спыняецца аўтамагазін некалькі разоў на працягу вёскі, што вельмі прыемна.

Аляксандр Ядэйка:

– У нас засталося тры стацыянарныя магазіны, астатнія 26 населеных пунктаў абслугоўваюць “аўталаўкі”, нават у дальнім канцы аграгарадка Хвінявічы аўтамагазін спыняецца па просьбе жыхароў. У цэлым, нараканняў няма. Узаемасувязь наладжана цесная як з насельніцтвам, так і з філіялам. Вяскоўцы аўталаўкамі вельмі задаволены. Людзі не пакінуты, на любы хутар машына даязджае.

Словы вяскоўцаў і старшыні сельвыканкама пацвярджае Таццяна Лазута, прадавец аўтамагазіна № 1:

– Сёння на маршруце 16 вёсак, а найбольшая яго працягласць – у Дзям’янавецкай зоне. Тым не менш, паспяваем да ўсіх. Ведаем спажывецкую карзіну насельніцтва, колькі неабходна малака, хлеба-булачных вырабаў. Калі казаць пра попыт, то людзі любяць і пастаянна купляюць дзятлаўскі хлеб, пірагі, булачкі, пячэнне. Не забываем прапаноўваць ім розныя навінкі, выконваем заказы. Акрамя таго, што на паліцах аўтамагазіна, вясковыя пакупнікі звычайна просяць цэмент, пабелку на дрэвы, іншыя неабходныя для побыту пакупкі.

Наступным прыпынкам удзельнікаў нарады стаў магазін аграгарадка Хвінявічы – міні-маркет “Родны Кут”, дзе было даволі шматлюдна. На пытанне, ці заўжды так, Алеся Лазута зазначыла, што месячная выручка магазіна складае да 60 тысяч, таму гэта хутчэй правіла, чым выключэнне. Парадаваў і набор тавараў, ён нічым не адрозніваўся ад таго, што можна сустрэць у гарадскіх сеткавых магазінах.

Тая ж “карціна” ў магазіне “Родны Кут” аграгарадка Вензавец.

Аб мясцовых асаблівасцях расказаў старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко:

– Магазін у Вензаўцы запатрабаваны, бо не ўсе пажылыя людзі могуць даехаць да райцэнтра, прыходзяць па пакупкі і жыхары вёскі Юравічы. На тэрыторыі нашага сельсавета толькі тры стацыянарныя магазіны, два з якіх – спажыўкааперацыі, адзін ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, астатняя тэрыторыя на абслугоўванні аўталавак. Зразумела, што для спажывецкай кааперацыі часам не вельмі выгадная работа аўтамагазінаў, бо колькасць сельскага насельніцтва змяншаецца, у некаторых вёсках жыве па некалькі чалавек, а даехаць трэба ўсюды. Разам з тым, нараканняў на гандлёвае абслугоўванне ў вяскоўцаў няма. “Магазіны на колах” дастаўляюць не толькі харчовыя тавары, але і любыя заказы.

Пабывалі ўдзельнікі сустрэчы ў двух такіх жа міні-маркетах “Родны Кут” гарадскога пасёлка Казлоўшчына па вуліцах Савецкая, 12 і Чырвонаармейская, 5.

Намеснік старшыніі Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Жэлезоўская, падводзячы вынікі сустрэчы, адзначыла, што ў дзятлаўчан нараканняў на работу гандлёвых аб’ектаў спажывецкай кааперацыі няма. Яна і сама даволі часта бывае ў сельскіх магазінах, прыемна, што асноўныя групы тавараў заўсёды можна знайсці на іх паліцах. Вяскоўцы не абдзелены ўвагай.

Прыемным момантам нарады стала дэгустацыя хлебабулачных вырабаў хлебнага цэха Дзятлаўскага філіяла. У час яе можна было пакаштаваць тое, што кожны дзень прадстаўлена ў продажы магазінаў, і зразумець, за што пакупнікі любяць “дзятлаўскі хлеб”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: