З песняй па жыцці

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сяргея Малышчыка ведаюць практычна ўсе дзятлаўчане.

Многія гады ён узначальваў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, але атрымаў шырокую вядомасць як саліст, які зачараваў сваімі песнямі, непаўторным тэмбрам голасу. Свой шасцідзесяцігадовы юбілей, як і ўсе сапраўдныя артысты, ён сустрэне на сцэне.

Песня родам з дзяцінства

Як ні дзіўна, але залаты голас Дзятлаўшчыны нам падарыла навагрудская зямля. Будучы самадзейны спявак нарадзіўся ў маляўнічай вёсачцы Мотча. Тыя мясціны славіліся моцнымі песеннымі традыцыямі: нават летам працаваць у поле жанчыны ішлі з народнымі жніўнымі песнямі. Выдатна спявала і матуля нашага героя Зінаіда Мікалаеўна, якая брала сына з сабой на працу. Так ён, тады яшчэ дашкольнік, палюбіў беларускія народныя матывы жней.

Тата, Уладзімір Іванавіч, выдатна іграў на акардэоне, хоць ніколі не вучыўся нотнай грамаце.

Сяргей Малышчык гадаваўся разам з песняй, яе ўзяў з сабой спачатку ў сельскую, а потым у навагрудскую школу, дзе ўжо для старшакласнікаў стварылі свой першы самадзейны песенны калектыў. Юнак іграў там на рытм-гітары і саліраваў.

– Магчыма, трэба было на той час закончыць музычную школу і навучыцца нотнай грамаце, – разважае Сяргей Уладзіміравіч, – але я вельмі захапляўся спортам і ўвесь свой вольны час прысвячаў яму.

Будучы старшакласнікам, ён наведваў спартыўную школу, абараніў званне майстра спорту па лыжных гонках.

Калі выбіраў прафесію, нават не разглядаў варыянты, звязаныя з музыкай. Выбраў прафесію ратаўніка, як бацька, які ўсё жыццё служыў у пажарнай ахове Савецкага Саюза.

У Львоўскім пажарна-тэхнічным вучылішчы, куды паступіў вучыцца, Сяргей Малышчык не пакінуў займацца спортам… і песняй. На адным са студэнцкіх мерапрыемстваў яго вакальныя здольнасці заўважылі і прапанавалі быць салістам у вакальна-інструментальным ансамблі “Вогненныя сэрцы”.

У той час Сяргей Малышчык атрымаў мудрую параду, якую ўзяў за жыццёвае правіла:

– Ты не зможаш бегаць на лыжах усё жыццё, а спяваць – зможаш. Калі будзеш трэніраваць свой голас таксама, як займаешся на трэніроўках, усё будзе выдатна.

Пасля заканчэння вучылішча з адзнакай малады чалавек год папрацаваў у Навагрудку інспектарам, а затым – прыехаў на Дзятлаўшчыну, дзе без малога трыццаць гадоў узначальваў пажарную службу раёна. І зноў песня дапамагла яму ва ўсіх справах і пачынаннях. З лёгкай рукі Сяргея Малышчыка ў ратаўнікоў раёна з’явіўся вакальна-інструментальны ансамбль, а яшчэ – агляд-конкурс, які хутка набыў маштаб рэспубліканскага. Дзятлаўскія ратаўнікі заўжды былі там у ліку фаварытаў, канцэртную праграму рыхтавалі разам са сваімі сем’ямі.

Акрамя службы, было шмат выступленняў на сцэнах рознага ўзроўню. Адным з самых запамінальных для Сяргея Малышчыка стаў гала-канцэрт у мінскім тэатры оперы і балета, дзе спявалі разам з саслужыўцамі.

“Дзятлаўшчына любімая мая”

У той час нарадзілася яго творчае сяброўства з мясцовымі работнікамі культуры, якое жыве і цяпер. Дзяўчаты з культуры заўжды з радасцю дапамагалі ратаўнікам рыхтавацца да аглядаў-конкурсаў, а сам Сяргей Малышчык ніколі не адмаўляўся ад сольных выступленняў.

З тых даўніх часоў самадзейны спявак – нязменны ўдзельнік двух раённых калектываў – хора “Ветэраны ў страі” і цыганскага гурта “Бахта Лачы”, які сёлета адзначыць пятнаццацігоддзе з дня заставання.

З выхадам на заслужаны адпачынак спявак большасць свайго часу прысвячае рэпетыцыям з калектывамі. Ён вельмі рады, што выпала працаваць з такімі неардынарнымі творчымі людзьмі.

– Хор ветэранаў – гэта калектыў аднадумцаў, – кажа мужчына. – Мы спяваем пра радзіму, пра Вялікую Перамогу, пра вечныя каштоўнасці. Выступаем не толькі на раённай сцэне, але і ў школах, праз песню ўдзельнічаем у патрыятычным выхаванні моладзі.

З гуртом “Бахта Лачы”, зусім іншым па настроі і танальнасці, яны праспявалі нямала каларытных песень, правялі шмат (у тым ліку сольных) канцэртаў, паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах новага ўзроўню, узнавілі аўтэнтычныя цыганскія абрады.

– Сам я беларус, мама і тата таксама беларусы. Але мяне не раз пыталіся, ці няма ў мяне цыганскай крыві. А сапраўды, чаму б не пабыць цыганом, хаця б на сцэне? – з вясёлымі агеньчыкамі ў вачах разважае артыст. – Атрымліваю велізарнае задавальненне ад работы і сяброўства з калектывам.

А не так даўно нарадзіўся новы музычны праект – вакальна-інструментальны ансамбль, які разам з Сяргеем Уладзіміравічам стварылі вядомыя артысты Дзятлаўшчыны. Назва калектыву пакуль яшчэ не выбрана, але ўжо адбыўся дэбют на раённай сцэне і абраны рэпертуар. У выкананні артыстаў будуць гучаць песні іх маладосці, музыка 80-х. Мяркую, мы яшчэ не раз пабачым калектыў у дзеянні на раённых мерапрыемствах.

Для Сяргея Малышчыка Дзятлаўшчына стала другім домам, якому ён падарыў сваё сэрца і талент. Тут жыве яго сям’я, а свае песні, якіх у рэпертуары спевака больш за паўтары сотні, ён прысвячае абаяльным дзятлаўчанкам і мясцовым краявідам, моцным пранікнёным голасам нагадвае з раённай сцэны пра любоў да бацькоў і духоўныя каштоўнасці.

– Не буду раскрываць усе сакрэты, але скажу, што будзе шмат гасцей і цікавага. У гэты вечар на сцэну выйдуць мае дзеці, унукі, сябры і блізкія людзі. Спадзяюся пабачыць у зале сваіх саслужыўцаў.

Наталля АВЯРЧУК