Віншавальная праграма да Дня абаронцаў Айчыны (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Урачысты святочны настрой, які аб’яднаў і гледачоў, і артыстаў, панаваў сёння ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падчас мерапрыемства, прымеркаванага да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ ў фае прысутныя змаглі наведаць выставу малюнкаў  выхаванцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сектара рамёстваў Гезгалаўскага Дома культуры і вольнага часу, а таксама пафатаграфавацца ў фотазоне.

Адкрылі віншавальную праграму юныя барабаншчыцы пад суправаджэннем духавога аркестра, а затым павіталі прысутных вядучыя Наталля Маліноўская і Анастасія Голуб, Святлана Венская і Андрэй Добыш.

Сардэчныя віншаванні з нагоды свята выказаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што няма больш пачэснай місіі,чым абараняць сваю Радзіму, і выказаў словы ўдзячнасці не толькі тым, хто са зброяй у руках абараняе нашу Айчыну, але і ветэранам, воінам-афганцам, усім людзям у пагонах, якія захоўваюць суверэнітэт нашай краіны, ахоўваюць яе межы, тым, хто мірна працуе  на карысць нашай дзяржавы. Пажадаў мірнага неба, моцнага тылу.

Да віншаванняў далучыўся Дзмітрый Ёда,  галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама , які павіншаваў са святам і ўручыў узнагароды за перамогу  ў спартыўным свяце  “Дзятлаўская лыжня – 2021” калектывам “Дварэц-Агра”, РАНС, гімназіі № 1 г. Дзятлава.

Свае віншаванні выказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Генадзь Суравец. У сваёй прамове да прысутных ён нагадаў, што наш святы абавязак – шанаваць памяць пра загінулых воінаў,  пра гераічныя подзвігі  папярэдніх пакаленняў, захаваць мір, які яны адстаялі цаной уласнага жыцця. Ён павіншаваў  бацькоў ваеннаслужачых  гвардыі радавых Мікіты Мухі і Арцёма Вянско , якія годна праходзяць сёння вайсковую службу.

Ад імя жанчын моцную палову чалавецтва павіншавала са святам Алена Васкель, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Канцэртную праграму “Абаронцам Айчыны” склалі песенныя  і музычныя нумары ў выкананні вядомых артыстаў  і калектываў Дзятлаўшчыны.

Вельмі цёпла прымалі гледачы выступленні Анастасіі Жэмайтук, народнага ансамбля музыкі і песні “Ятранка”, групы “Бархат”,” Сузор’е”,  дзіцячай цыркавой студыі “Марсі”,самай юнай выканаўцы Нэлі Санюк, а таксама Марыны Варган, Вольгі Кузьмы, Часлава Свіба, Сяргея Малышчыка, Аляксандры Зайцавай, вакальнай групы “Ветэраны ў строі” і ансамбля цыганскай песні.

Па водгуках, мерапрыемства атрымалася святочным, разнастайным і прыемным.

Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ