Ведае ўчастковы. Свавольства ці наркагандаль?

Важнае Здарэнні і бяспека

Пытанне: на фасадзе шматпавярховага дома і аўтобусным прыпынку з’явіліся непрыгожыя надпісы фарбай “пад трафарэт”. Хто разбярэцца з вандаламі?

Адказвае ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Віталій Грышук:

– Такія надпісы могуць быць звязаны не проста з парушэннем парадку, а распаўсюджваннем наркатычных сродкаў. Інфармацыя размяшчаецца на фасадах будынкаў так званымі “трафарэтчыкамі” – асобамі, якія працуюць на інтэрнэт-магазін па збыце наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. Яны наносяць надпісы ў грамадскіх месцах пры дапамозе трафарэта і аэразольнага балончыка. Апошнім часам пачасціліся выпадкі размяшчэння інфармацыі або рэкламы наркамагазінаў паблізу школ, установаў культуры і забаўляльных месцаў. Дзеянні трафарэтчыкаў расцэньваюцца як наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці і караюцца штрафам да 30 базавых велічыняў, адказнасць надыходзіць з 14-гадовага ўзросту.

Яшчэ больш строгае пакаранне, таксама пачынаючы з 14 гадоў, чакае тых, хто займаецца распаўсюджваннем або “закладкай” наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. За гэта прадугледжана крымінальная адказнасць – пазбаўленне волі на тэрмін да 25 гадоў са штрафам або без яго. Аднак пры гэтым асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі, садзейнічала выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, выкрыццю асобаў, якія яго ўчынілі, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.

Просім дарослых не заставацца ў баку ад праблем падлеткаў, пра ўсе вядомыя факты злачыннай дзейнасці, звязанай з незаконным абаротам наркотыкаў і ўцягваннем у яе, паведамляць у АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 2-15-34 або 102. Ананімнасць гарантуецца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga