Старшынёй раённага Савета дэпутатаў абраны Аляксандр Бараноўскі

Галоўнае Улада

6 сакавіка прайшла першая сесія Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, прадстаўнікі сілавых структур, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны.

Старшыня раённай выбарчай камісіі Алена Жадзейка паведаміла, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання на Дзятлаўшчыне прайшлі пры актыўнасці выбаршчыкаў 83,8 %. На выбарчых участках у час датэрміновага і ў адзіны дзень галасавання прысутнічалі назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, партый – заўвагаў аб парушэннях у выбарчую камісію не паступала. Вынікі выбараў сведчаць аб даверы дзятлаўчан мясцовым органам улады.

– Раённая выбарчая камісія зарэгістравала 25 дэпутатаў Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, 9 з іх ужо працавалі ў мінулых скліканнях, 12 дэпутатаў райсавета – жанчыны, 23 з вышэйшай адукацыяй. Народнымі абраннікамі сталі кіраўнікі сельвыканкамаў, прадстаўнікі медыцыны, адукацыі, энергетыкі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншых сфер жыцця грамадства. Што тычыцца ўзросту народных абраннікаў, ад 30 да 40 гадоў – 7 дэпутатаў, ад 40 да 50 гадоў – 11, старэйшых за 50 гадоў – 7,  – расказала Алена Іванаўна. – Таксама абраны 77 дэпутатаў у сельскія Саветы дэпутатаў. Вынікі выбараў даюць права сфарміраваць на тэрыторыі раёна ўсе 10 правамоцных Саветаў дэпутатаў.

Згодна з парадкам дня першай сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” было праведзена тайнае галасаванне па выбарах старшыні. Для разгляду прапаноўвалася кандыдатура дэпутата па Плябанавіцкай выбарчай акрузе № 15 Аляксандра Бараноўскага. У яго падтрымку выступілі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, дэпутаты Вадзім Бялятка і Вера Добыш. Усе яны адзначылі каласальны вопыт работы і яго кампетэнтнасць.

– Упэўнены, новаабраны старшыня раённага Савета дэпутатаў павядзе давераную яму вертыкаль улады ў правільным напрамку, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Аляксандр Бараноўскі адзінагалосна абраны старшынёй раённага Савета дэпутатаў. З гэтай падзеяй яго павіншавалі Алена Жадзейка і Андрэй Садоўскі. Намеснікам старшыні райсавета адкрытым галасаваннем абраны Андрэй Жыдко.

Аляксандр Бараноўскі падзякаваў калегам за аказаны давер. Ён адзначыў, што дэпутацкі корпус разам з органамі выканаўчай і распарадчай улады прыкладзе ўсе намаганні на рэалізацыю планаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, якія будуць спрыяць развіццю і росквіту Дзятлаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: