Марафон “17 граняў адзінства” на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Улада

Да Дня народнага адзінства, маладога дзяржаўнага свята, Беларуская партыя “Белая  Русь” прымеркавала  ініцыятыву пад назвай “17 граняў адзінства”, да якой на працягу двух тыдняў далучацца 17 гарадоў: у іх адбудуцца дыялогавыя пляцоўкі з удзелам актывістаў і людзей “ад зямлі”.

Дзятлаўскі раён адным з першых прымаў удзельнікаў марафону, у ліку якіх – намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Эльвіра Сарока, грамадскія дзеячы, лідары, актыў арганізацый Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў.

Невыпадкова ў Год міру і стварэння форум прайшоў на базе Новаяльнянскай сярэдняй школы, якой у маі 2023 года быў прысвоены статус “Школа міру”. Удзельнікі форуму пагутарылі аб гісторыі і сучаснасці, патрыятызме і стойкасці беларусаў, усім тым, што нас аб’ядноўвае, абмеркавалі формы і метады папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцяў у нашай краіне і за яе межамі.

Гасцей мерапрыемства павітаў на дзятлаўскай зямлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Мы з вамі знаходзімся на парозе выдатнага свята – 17 Верасня, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Старэйшае пакаленне помніць, як у 1939 годзе нашы землякі з кветкамі і захапленнем сустракалі Чырвоную Армію. Гэты дзень беларусы чакалі з нецярпеннем, ён стаў сапраўды ўсенародным.

На дыялогавай пляцоўцы размова ішла аб ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, задачах палітычных партый у развіцці дзяржавы і грамадства ва ўмовах выклікаў і пагроз палітычнай стабільнасці і суверэнітэту, прапагандзе дасягненняў незалежнай Беларусі.

Намеснік старшыні Навагрудскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дырэктар Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Алег Анікевіч падзяліўся сваімі думкамі аб тым, як павінна развівацца ідэалогія беларускай дзяржавы ва ўмовах крызісу сусветнага парадку.

– Нам трэба даваць магчымасць нашай моладзі самой рабіць вывад на аснове гістарычнай праўды, тых крыніц і магчымасцяў, якія ёсць у нашай краіне, – адзначыў Алег Аркадзьевіч. – Калі мы здолеем гэта зрабіць, у нас ёсць перспектыва таго, што мы і надалей будзем адной са 192 краін свету, якія маюць сваю незалежнасць.

Тэму актыўна падтрымалі дзятлаўчанкі – актывісткі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Марына Нячай, Вікторыя Тыць, Антаніна Абярухціна, якія пагадзіліся з меркаваннем, што выхаванне падрастаючага пакалення павінна адбывацца на прыкладзе сямейнай гісторыі.

Сваім бачаннем задач палітычных партый у развіцці дзяржавы і грамадзянскай супольнасці падзялілася начальнік аддзела адукацыі, старшыня Дзятлаўскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці партыі “Белая Русь” Марына Лашкоўская. Яе выступленне дапоўніла Эльвіра Сарока. Яна агучыла думку, якая супадае з меркаваннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: сучасная партыя павінна быць карыснай людзям, дзейснай і актыўнай не толькі ў час выбарчай кампаніі.

Аб выкліках і пагрозах палітычнай стабільнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, метадах супрацьдзеяння ім расказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

 

На пазітыўную хвалю ўдзельнікаў форуму настроіла выступленне першага сакратара раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярыны Хілімончык, якая нагадала: беларусам ёсць чым ганарыцца, і гэта трэба дэманстраваць свету. Наша краіна мае шэраг дасягненняў у ключавых сферах эканомікі, культуры, медыцыны, спорту, пералік якіх абнаўляецца з кожным годам.

– Важна не ўпускаць сітуацыю і рабіць абноўленыя “зрэзы” дасягненняў нашай дзяржавы для шырокай аўдыторыі, навучыцца трансліраваць іх сучасна і запамінальна, выбіраючы для гэтага як добра вядомыя, так і новыя формы, – падвяла вынік Святлана Вараніца.

Як рэкламаваць Беларусь даступна і цікава? Удзельнікі размовы прапанавалі шэраг варыянтаў, у якіх метадах і формах гэта можна зрабіць. Сярод найбольш папулярных – стварэнне мультыплікацыйных фільмаў пра Беларусь, арганізацыя квізаў, выпуск серыі значкоў гістарычнай тэматыкі.

Гасцей сустрэчы запрасілі ў народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця”, дзе паказалі, як на практыцы прывіваецца маладому пакаленню пачуццё патрыятызму. Юныя экскурсаводы Новаяльнянскай сярэдняй школы правялі тэатралізавана-інтэрактыўную экскурсію, у час якой расказалі пра лёс дзяцей-выхаванцаў інтэрнацыянальнага летніка ў часы Вялікай Айчыннай вайны, які стаў фундаментам для стварэння ўстановы.

– Нашаму музею сёлета спаўняецца 35 гадоў, – расказала яго кіраўнік Тамара Крывеня. – Увесь гэты час разам са мной пошукавую і краязнаўчую работу вядуць навучэнцы школы, на працягу 9 гадоў дзеці самі праводзяць экскурсіі, старэйшыя навучаюць малодшых, развіваючы пачуццё суперажывання, любові да роднага краю і гонару за яго.

Грамадска-палітычны марафон “17 граняў адзінства” завершыцца 15 верасня, яго вынікам стане выданне буклета, у якім будуць абагульнены матэрыялы па выступленнях спікераў і найбольш папулярных пытаннях.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: