Са святам, супрацоўнікі міліцыі!

Галоўнае Улада

4 сакавіка ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама адбыўся ўрачысты сход з удзелам кіраўніцтва раёна, прысвечаны Дню міліцыі, супрацоўнікі аддзела прымалі віншаванні і ўзнагароды да прафесійнага свята.

Словы ўдзячнасці і павагі на адрас калектыву аддзела выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Сёлета беларуская міліцыя адзначае 107 гадоў з дня заснавання. За гэты час пройдзены вялікі шлях станаўлення і ўдасканалення сістэмы, аднак і сёння работа органаў унутраных спраў не губляе сваёй актуальнасці. Вы працуеце ў сферы захавання правапарадку, бяспекі людзей, рэалізацыі іх правоў і інтарэсаў. Самая высокая ацэнка вашай работы – тое, як адносяцца да міліцыі самі жыхары Дзятлаўшчыны: заўважу, што за апошнія гады мы ні разу не атрымлівалі нараканняў да працы супрацоўнікаў АУС райвыканкама. Па-ранейшаму прысутнічае высокая ступень даверу і павагі да людзей у пагонах. Хачу падзякаваць вам за штодзённае служэнне свайму народу і краіне, узаемадзеянне, эфектыўную прафілактычную работу. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам службы, якія стваралі стройную сістэму, якую вы дастойна падтрымліваеце. Таксама хачу падзякаваць вашым  блізкім – матулям, жонкам, якія раздзяляюць з вамі цяжкасці службы, падтрымліваюць і з’яўляюцца моцным тылам. Жадаю вам здароўя, дабрабыту, удачы, каб  у вашых сем’ях заўсёды панавалі любоў, павага і ўзаемаразуменне.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды да прафесійнага свята: Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама – старшаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх Паўлу Бараноўскаму, падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – інспектару групы па грамадзянстве і міграцыі Таццяне Валяк, вядучаму спецыялісту аддзела правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Алене Кухарчык. Падзячнымі лістамі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў былі адзначаны ўчастковы інспектар міліцыі Дзмітрый Плаўскі і міліцыянер-вадзіцель Павел Гянюк.

Намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч зачытаў загад аб узнагароджанні супрацоўнікаў аддзела. Нагрудным знакам Міністэрства ўнутраных спраў “За адзнаку” ўзнагароджаны ўчастковы інспектар міліцыі Віталь Грышук, Граматай упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама –  начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандр Пацыновіч.

Чарговае спецыяльнае званне “сяржант міліцыі” было прысвоена малодшаму ўчастковаму інспектару Ігару Сакольніку.

Да віншаванняў далучыўся начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі:

– Ад імя кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў, ад нашых калег з іншых службовых калектываў віншую вас з Днём міліцыі. Жадаю здароўя, поспехаў у службе і сямейнага дабрабыту.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: