Пацыентам бальніцы – ад цімура-валанцёраў Дзятлаўшчыны

Важнае Грамадства

У абласную дабрачынную акцыю “Мы разам!”, што праводзіцца на Гродзеншчыне ў падтрымку людзей, якія хварэюць на анкалагічныя захворванні, уключыліся цімура-валанцёры Дзятлаўшчыны.

У рамках акцыі добраахвотнікі з Круцілавіцкай, Гезгалаўскай сярэдніх школ, гімназіі № 1 горада Дзятлава, раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!”, які функцыянуе на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пад кіраўніцтвам каардынатара клуба Ірыны Мішчанка, разам з членамі моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Таццянай Дзедавай і Валерыяй Наркевіч сабралі сродкі асабістай гігіены. З кветкамі да іх далучылася спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава.

Цімура-валанцёры накіраваліся ў дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, дзе перадалі карысныя падарункі галоўнай медыцынскай сястры ўстановы аховы здароўя Ілоне Белавус для далейшага выкарыстання пацыентамі.

Не засталіся без увагі і юныя дзятлаўчане, якія папраўляюць здароўе ў дзіцячым аддзяленні. Для іх вясёлы клоўн Кеша (ролю якога выканала Ірына Мішчанка) разам са сваімі юнымі памочнікамі правёў гульнёва-конкурсную праграму з прызамі. Кветкі і віншаванні атрымалі дарослыя і медперсанал.

На развітанне госці выказалі спадзяванне, што “вітамінка добрага настрою” дапаможа маленькім пацыентам хутчэй выздаравець і вярнуцца дамоў.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі акцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga