Захапленне, інжынерная справа і вывучэнне гісторыі

Важнае Грамадства

У абласным конкурсе стэндавага мадэлізму “На зямлі, у небе і на моры” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з 20-і, работ прадастаўленых дзятлаўчанамі, 11 былі адзначаны дыпломамі.

Усяго спаборнічалі больш за паўтары сотні мадэляў юных канструктараў з розных куткоў Прынёмання.

Шэсць дыпломаў І ступені заваявалі Яраслаў Мудры (тры дыпломы), Мікіта Максімаў, Багдан Лаўрукевіч, Ягор Волчэк.

Дыпломамі ІІ ступені адзначаны Аляксандр Жук, Яўген Радзіеўскі, Віталь Місцюкевіч.

Па дыплому ІІІ ступені ў Яраслава Мудрага і Юрыя Бахановіча.

Самалёты-знішчальнікі, цяжкія і сярэднія танкі, ударныя верталёты, бамбардзіроўшчыкі, дыярамы – чаго толькі няма сярод мадэляў юных канструктараў.

Кіраўніком гуртка “Стэндавы мадэлізм” з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Фёдар Бойка. Заняткі ў Фёдара Феафанавіча наведваюць 53 навучэнцы ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў.

Наведвальнікі майструюць свае мадэлі з паперы і кардону па чарцяжах, а мадэлі для зборкі з полістэролу можна знайсці ў продажы. У залежнасці ад маштабу і складанасці на работу можна патраціць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, затое тэхніка атрымліваецца як сапраўдная.

– Наш гурток на базе школы працуе з сёлетняга верасня, а ў прафесіі я больш за 20 гадоў, – расказвае аб карысным захапленні Фёдар Бойка. – Напачатку вывучаем мадэль: хто яе стварыў, дзе і хто на ёй ваяваў. Калі не ведаць структуры адзінкі тэхнікі, правільна яе не сабярэш. Адсочваем гісторыю асобных мадэляў па іх нумарах, літаральна да біяграфій лётчыкаў, танкістаў, вадзіцеляў. Абараняючы мадэлі на конкурсе, дзеці поўнасцю пра іх расказваюць. Гурток вельмі пазнавальны, і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў нас на першым месцы. Дэталёва вывучаем і пабудову тэхнікі, што спрыяе развіццю інжынернага мыслення і навыкаў у дзяцей. У свой час такія вядомыя канструктары, як Аляксандр Якаўлеў, Алег Антонаў займаліся ў падобных гуртках савецкага часу. Для хлопчыкаў гэта вельмі карысна яшчэ і як для будучых абаронцаў Айчыны. У арміі яны ўжо будуць ведаць свае баявыя машыны: як выглядюць, як імі кіраваць, раманаваць. У кастрычніку такі ж конкурс пройдзе зноў. Мы будзем да яго грунтоўна рыхтавацца, тым больш што дзецям гэта цікава.

Сваімі ўражаннямі ад заняткаў у гуртку падзяліліся яго наведвальнікі.

Яраслаў Мудры:

– Займаюся ўжо восьмі год. Лічу, што для падрастаючага пакалення гэта сумяшчэнне цікавага з карысным: захапленне, набыццё тэхнічных навыкаў, разуменне, з якіх камплектуючых складаецца тая ці іншая тэхніка. Да таго ж, па кожнай са сваіх работ мы паглыблена вывучаем гісторыю. Даведваючыся яе, становімся патрыётамі сваёй краіны, бо разумеем, наколькі было складана народу Савецкага Саюза перамагчы ворага, выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Паколькі збіраем розную тэхніку, у тым ліку сучасную, то больш ведаем і яе. Для хлопчыкаў гэта будзе карысным у час службы ў арміі. Напрыклад, я мару звязаць будучую прафесію з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што практычныя заняткі стэндавым мадэлізмам мне не раз дапамогуць у далейшым.

Яўген Радзіеўскі:

– Стэндавым мадэлізмам займаюся трэці год. Спачатку мы практыкаваліся з паперай, з ёю лягчэй спраўляцца, пакуль “набіваеш руку”. Цяпер я ўжо перайшоў на пластмасу. Збіраюся сабраць даволі вялікі верталёт “МІ-2”. Безумоўна, яшчэ патрэбны падказкі Фёдара Феафанавіча, поўнасцю самастойна працаваць складана, нават па схемах. Сваё дарослае жыццё мару звязаць з прафесіяй праграміста, аднак спыняць заняткі ў гуртку не збіраюся. Да таго ж добрае веданне камп’ютара дапамагае больш дэталёва ў 3D-фармаце вывучаць зборку розных мадэляў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga