Стартаваў чэмпіянат вобласці па футболе

Важнае Спорт і турызм

У Гродзенскай вобласці стартаваў рэгіянальны этап чэмпіяната Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі пад эгідай Беларускай федэрацыі футбола.

Аб ходзе чэмпіянату і ўдзеле ў ім дзятлаўчан расказаў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда:

– Сёлета ў рэгіянальным этапе ўдзельнічаюць 18 каманд. Рэгламентам яны падзелены на 2 групы: “Захад” і “Усход”, па 9 каманд у кожнай, якія прадстаўляюць усе без выключэння раёны Гродзеншчыны. Наша каманда ФСК “Дзятлава” патрапіла ў групу “Усход” разам з футбольнымі клубамі “Факел-Навагрудак”, “Ліда-2”, “Іўе”, “Воранава”, “Ашмяны”, “Буравеснік” (Карэлічы), “Астравец”, “Смаргонь-2”.

– Раскажыце пра каманду ФСК “Дзятлава”.

– Заснавальнікам зборнай Дзятлаўскага раёна выступіў раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Паўнамоцтвы трэнера і прадстаўніка зборнай каманды для ўдзелу ў чэмпіянаце прадастаўлены трэнеру-выкладчыку аддзялення па футболе Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзіміру Ганчару.

– Па якой сістэме праходзяць гульні чэмпіяната?

– Згодна з календаром спаборніцтваў, гульні будуць праходзіць у 2 кругі (кожная каманда згуляе са сваім сапернікам на дамашнім полі і на выездзе). У мінулыя выхадныя каманда Дзятлаўскага раёна гасцявала ў каманды горада Ліды. Першая палова матча скончылася з нічыйным лікам 0 : 0, аднак па выніках матча перавагу атрымалі гаспадары пляцоўкі з лікам 2 : 0.

– Дзе і калі дзятлаўчане змогуць падтрымаць сваю каманду?

– Дамашнія гульні першага круга з удзелам нашай зборнай можна будзе пабачыць на стадыёне “Колас” у Дзятлаве. 9 мая – сустрэча з ФК “Іўе”; 12 мая – ФК “Воранава”, 19 мая – ФСК “Ашмяны”, 1 чэрвеня – РФСК  “Астравец”, 23 чэрвеня – ФК “Факел-Навагрудак”. Выязныя матчы першага круга пройдуць 26 мая і 9 чэрвеня ў Карэлічах  і Смаргоні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga