Яшчэ раз З Новым годам! Або Дракон уступае ў правы

Грамадства Свежыя навіны

Ці ведаеце вы, што кітайскі Новы год адзначаецца цэлых 15 дзён.

Ён мае некалькі назваў – Свята Вясны, Месяцовы дзень, Свята чырвоных ліхтарыкаў. Гісторыя найстаражытнейшай традыцыі налічвае сотні тысяч гадоў. Урачыстасць сімвалізуе пачатак чагосьці добрага і светлага, услаўляе сямейныя каштоўнасці, аддае даніну павагі продкам.

Па адной з існуючых версій пачатак святу паклаў імператар, які сабраў усіх міністраў і адправіўся з імі кланяцца небу і зямлі.

Іншая легенда абвяшчае аб тым, што ў першы дзень года на зямлю спускаецца пачвара Нянь, якая можа з’есці ўсё навокал, уключаючы жывёлу, прадукты і нават людзей, у тым ліку маленькіх дзяцей. Цешыць той факт, што са злыднем можна дамовіцца. Напрыклад, пачаставаўшы яго нечым смачным. Яшчэ вядома, што пачвара баіцца чырвонага колеру, агню і шуму. Адсюль і традыцыя кітайцаў упрыгожваць дамы чырвонымі ліхтарыкамі, запальваць іх, гатаваць ласункі, спяваць і танцаваць.

Кітайцы штогод водзяць па вуліцах вялікія фігуры львоў і драконаў. Леў, на іх думку, сімвалізуе моц і велічнасць, а дракон – дабро, мудрасць і пазнанне.

Сёлетні сімвал года – Зялёны Драўляны Дракон – лічыцца моцным апекуном, увасабляе магічны ўплыў, мудрасць і лёс. Як сцвярджаюць астролагі, у 2024 годзе павінны вырашыцца буйныя супярэчнасці, скончыцца сваркі і беспарадкі. Сустракаць Новы год па кітайскай традыцыі трэба ў прысутнасці выявы дракона. Ён не абавязкова павінен быць жахлівы: можна выкарыстоўваць вязаных, плюшавых, шакаладных дракошаў.

Па Мінскім часе кітайскі Новы год настае 10 лютага ў 19 гадзін.

Цікава, а якімі драконаў спакон веку ўяўлялі беларусы?

Нашы продкі называлі іх цмокамі. Прычым беларускі дракон мала падобны да рускіх і заходнееўрапейскіх, з якімі ваявалі героі. Да людзей гэты фальклорны персанаж-рэптылія ставіўся без асаблівай нядобразычлівасці. “Выводзіўся” ён са знесенага чорным пеўнем яйка, якое некалькі гадоў трэба было насіць за пазухай і нікому не паказваць. Жыў каля вадаёма. Аднак беларусы канчаткова не прыручылі драконаў, таму адносіліся да іх з пэўнай павагай, бывала, прасілі дапамогі. Варожасці не сустракалі, калі гэта не хлуслівы і карыслівы чалавек. Добрым жа цмокі маглі паказаць падземныя скарбы. Умелі яны ператварацца ў мужчын, чым нярэдка карысталіся, каб заваяваць жаночае каханне.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga