На святочнай хвалі. Цуд пад Новы год для дзятлаўчан

Важнае Грамадства

Сярод добрых навагодніх традыцый у дзятлаўчан ёсць галоўная – збірацца за некалькі гадзін да бою курантаў каля гарадской ёлкі, каб разам правесці стары год, ад душы павесяліцца і “заклікаць у госці” новы.

На гэты раз “Цуд пад Новы год” для жыхароў і гасцей райцэнтра ў фармаце тэатралізаванага шоу арганізавалі артысты ўзорнай студыі “Мелодыя душы”, якіх падтрымалі лепшыя калектывы і выканаўцы раёна.

Усім, хто прыйшоў пад ёлачку, прапаноўвалі набыць білецікі бяспройгрышнай латарэі. Пачалася сустрэча з вясёлага навагодняга карагода з песнямі і хлапушкамі, які “перарос” у дынамічны танцавальны флэш-моб. Песні, танцы, цёплыя пажаданні, у тым ліку ад галоўных герояў свята – Дзеда Мароза і Снягурачкі, падарылі прысутным шмат пазітыву і добры настрой.

Яшчэ адным прыемным момантам навагодняй урачыстасці стала ўручэнне грашовых падарункаў пераможцам і прызёрам ва ўсіх 9 намінацыях раённага агляду-конкурсу на лепшае афармленне фасадаў будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый прадпрыемстваў, установаў, арганізацый раёна і прыватных падворкаў у горадзе Дзятлаве.

У намінацыі на “Лепшае навагодняе афармленне ўстановаў адукацыі” грашовым прызам за І месца адзначана Новаяльнянская сярэдняя школа, за ІІ – Казлоўшчынская сярэдняя школа, за ІІІ – гімназія № 1 горада Дзятлава.

Лідарам намінацыі “Лепшае навагодняе афармленне прадпрыемства гандлю і грамадскага харчавання” стаў магазін “Вікторыя” Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, на ІІ месцы – аўтамагазін № 8 Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, грашовай узнагародай за ІІІ месца адзначаны прыватны прадпрымальнік Андрэй Цярэшка.

Пераможца намінацыі “Лепшае навагодняе афармленне сельскагаспадарчай арганізацыі” – ААТ “Граніт-Агра”, на ІІ пазіцыі – КСУП “Хвінявічы”, на ІІІ – КСУП “Жукоўшчына”.

Галоўным прызам за “Лепшае навагодняе афармленне арганізацыі сацыяльнай сферы” ўзнагароджаны Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, грашовыя прызы за ІІ і ІІІ месца адпаведна дасталіся Дзятлаўскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці і кінатэатру “Спадарожнік”.

У намінацыі “Лепшае навагодняе афармленне прадпрыемства прамысловай сферы” лідарам стала ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, на ІІ пазіцыі – ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, на ІІІ – ААТ “Дварэцкі льнозавод”.

“Лепшае навагодняе афармленне сярод прадпрыемстваў транспарту і сувязі, будаўнічых і абслугоўваючых арганізацый, банкаў і ўстановаў” аказалася ў КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”, прыз за ІІ месца дастаўся Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, за ІІІ – Дзятлаўскаму РЭС.

Сярод жыхароў райцэнтра найбольш арыгінальным і творчым пры афармленні свайго падворка быў Дзмітрый Ломаць, грашовы прыз за ІІ месца дастаўся Віктару Удоту, за ІІІ – Святлане Сямашка.

На гэтым навагодні цуд не скончыўся: атрымаць прызы “па білеціках” заклікалі арганізатары бяспройгрышнай латарэі. Галоўны навагодні латарэйны падарунак – тэлевізар – дастаўся Кірылу Залатуха з Ліды.

Сюрпрызы ж прадаўжаліся: у 23 гадзіны 10 хвілін усіх, хто прыйшоў на цэнтр сустракаць год Дракона, чакаў святочны феерверк.

Пасля “агністага прадстаўлення” ўдзельнікі святочнай сустрэчы пачалі разыходзіцца па дамах, каб з сем’ямі і сябрамі сустрэць Новы год. Кожны “нёс з сабою” тую “іскрынку” бадзёрасці і радасці, якую пакінула святкаванне “пад ёлачкай”.

Ірына СТЫРНІК

Ірына КАМАРОВА