Да ратаўнікоў – з матулінымі пірагамі

Важнае Грамадства

Да Дня абаронцаў Айчыны ў Беларусі прымеркавана рэспубліканская акцыя “Матуліны пірагі”, якая дае магчымасць сімвалічна перадаць часцінку цеплыні дома і клопату тым, хто стаіць на яе варце.

Прадстаўніцы раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын і Таварыства Чырвонага Крыжа з гасцінцамі наведалі райаддзел па надзвычайных сітуацыях, каб павіншаваць яго супрацоўнікаў са святам.

Старшыня раённай арганізацыі БСЖ Алена Васкель уручыла святочны каравай начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку.

– Шаноўныя мужчыны, вы кожны дзень стаіце на абароне жыццяў і маёмасці дзятлаўчан ад надзвычайных сітуацый. Дзякуй вам за тое, што ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу тым, каму яна патрэбна, – звярнулася да прысутных Алена Раманаўна. – Жадаю вам моцнага здароўя, спакойнай службы і мірнага неба над галавой.

Намеснік начальніка РАНС Сяргей Кухарчык падзякаваў жанчынам за прыемны сюрпрыз і запэўніў, што дабрабыт і спакой грамадзян мірнай Беларусі пад надзейнай абаронай ратаўнікоў.

У дапаўненне да сімвала акцыі – матулінага пірага – ратаўнікі Дзятлаўшчыны атрымалі ў падарунак ад зямлячак новы чайнік і салодкія пачастункі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga