Новы аўтамабіль – для аператыўнай работы

Галоўнае Грамадства

Аўтапарк Дзятлаўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях папоўніўся новым аўтамабілем “Geely GS”, ключы ад якога ва ўрачыстай абстаноўцы нашым землякам уручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Нядаўна 14 легкавых аўтамабіляў былі набыты для ратавальных падраздзяленняў Гродзеншчыны з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Аўто стане добрай падмогай для дзятлаўскіх ратаўнікоў у аператыўнай і прафілактычнай рабоце.

Тэхніка будзе прызначацца найперш для работы аператыўнай групы, якая ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі павінна хутка выехаць на месца здарэння адначасова з баявой машынай. Яна будзе выкарыстоўвацца ў час узмоцненага нясення службы, задзейнічана для правядзення асабовым саставам прафілактычнай работы з насельніцтвам, наведвання домаўладанняў грамадзян у сельскіх населеных пунктах раёна, для міжгародніх камандзіровак.

Па словах намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Беленкі, з’яўленне новага аўто ў аддзеле вельмі своечасовае і неабходнае:

– Вельмі прыемна, што на дзяржаўным узроўні праяўляецца вялікая ўвага да работы ратаўнікоў і выканання імі аператыўных абавязкаў. Мяркую, што абнаўленне аўтамабільнага парка станоўча паўплывае на нашу мабільнасць: ратаўнікі змогуць хутка быць там, дзе яны патрэбныя.

Рады новаму аўтамабілю і старшы вадзіцель групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава Алег Конан. Па яго словах, аўто мае шэраг перавагаў у параўнанні з папярэднімі мадэлямі: шасціступеневую каробку перадач з функцыяй робата (можа працаваць як у аўтаматычным, так і механічным рэжыме), надзейны магутны рухавік і пры гэтым невялікі расход бензіну. Вялікі дарожны клірэнс – яшчэ адна прыемная акалічнасць, актуальная для язды па сельскіх дарогах. Клімат-кантроль і мультымедыйнае кіраванне руля прысутнічае, як і належыць усім сучасным легкавым аўтамабілям.

– Усепраходны красовер “Geely GS 2021” года выпуску – тое, што трэба ў рабоце ратаўнікоў. – Машына добра сябе паказвае як на шашы, так і на грунтовых аўтадарогах, з’яўляецца хуткай, эканомнай, зручнай для вадзіцеля і пасажыраў, – робіць вывад Алег Конан.

На сёння ў аўтапарку аварыйна-выратавальнай службы раёна 13 адзінак транспарту, з іх 9 баявых аўтамабіляў. Кожны з іх дапамагае ратаўнікам у іх нялёгкай службе: штодзень быць на варце бяспекі людзей.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga