На старце – юныя інспектары дарожнага руху

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху, у якім прынялі ўдзел 8 каманд школ раёна.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі  міжраённы аддзел ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў, аддзел адукацыі райвыканкама, раённы савет ГА“БРПА”.

У двары сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава каманды сабраліся на ўрачыстую лінейку, дзе арганізатары павіталі ўдзельнікаў злёту, пажадалі ўдачы і яшчэ раз нагадалі правілы спаборніцтваў.

 

Пасля жараб’ёўкі юныя інспектары дарожнага руху прыступілі да конкурсных этапаў. Навучэнцы прадэманстравалі веданне абноўленых правілаў дарожнага руху, веды і практычныя навыкі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі, паказалі сваё майстэрства ў фігурным кіраванні веласіпедам, а таксама творчыя здольнасці ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні і падрыхтоўцы тэматычных насценгазет, выпуск якіх быў дамашнім заданнем для каманд. На кожным з этапаў спаборніцтваў веды і зладжаную работу юных інспектараў дарожнага руху ацэньвала журы на чале са старшым дзяржаўтаінспектарам міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў Алегам Ляўкевічам.

 

Самыя трывалыя веды правілаў дарожнага руху прадэманстравалі юныя інспектары з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, на другім месцы – знаўцы сярэдняй школы № 3, закрыла тройку лідараў каманда гімназіі № 1.

У конкурсе “Фігурнае кіраванне веласіпедам” таксама не было роўных веласіпедыстам сярэдняй школы № 1, крыху саступілі ім юныя інспектары з Дварэцкай сярэдняй школы, трэцімі сталі навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

У намінацыі “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” лепшымі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 1, на другім месцы – Казлоўшчынская сярэдняя школа, трэцяе – у Хвінявіцкай сярэдняй школы.

У  аказанні першай медыцынскай дапамогі лідарам стала каманда Хвінявіцкай сярэдняй школы, другое месца – у сярэдняй школы № 1, трэцяе – сярэдняй школы № 3.

Лепшую тэматычную насценгазету выпусцілі ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе, на другой пазіцыі – сярэдняя школа № 1, трэцяе месца падзялілі каманды Дварэцкай і Хвінявіцкай сярэдніх школ.

Па выніках усіх пройдзеных іспытаў тытул чэмпіёнаў злёту-конкурсу чарговы раз пацвердзілі інспектары дарожнага руху сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, 2-е месца – у каманды Казлоўшчынскай сярэдняй школы, 3-е – у каманды сярэдняй школы № 3. Юныя інспектары дарожнага руху атрымалі дыпломы пераможцаў і прызёраў, а таксама памятныя падарункі ад спонсараў мерапрыемства – раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “Белая Русь”, Дзятлаўскае ПМС. Пераможцы раённага конкурсу прадставяць Дзятлаўшчыну на яго абласным этапе.

Дзяржаўтаінспектар Андрэй Іскра падвёў вынік мерапрыемства, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі:

– Злёт юных інспектараў дарожнага руху – не толькі цікавая гульня, азартныя спаборніцтвы і шмат пазітыўных эмоцый. Такі конкурс – яшчэ адзін, надзвычай эфектыўны метад замацавання правілаў дарожнага руху і прафілактыкі дзіцячага траўматызму на дарозе. Усе каманды паказалі вынік, на які былі здольны. Заўважу, што нароўні з канкурсантамі, якія паказалі выдатныя веды правілаў дарожнага руху былі і тыя, хто разгубіўся або недапрацаваў. У гэтым годзе мы звярнулі асаблівую ўвагу на сродкі персанальнай мабільнасці, якія трывала ўвайшлі ў жыццё моладзі, каб школьнікі маглі замацаваць веды па гэтай тэме і прымяняць на практыцы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga