Вандроўка па малой радзіме

Грамадства Свежыя навіны

У яслі-садзе № 1горада Дзятлава стала традыцыйным праводзіць  тыдзень беларускай мовы.

Дэвізам тыдня з’яўляюцца словы – “Каб мова родная гучала”. Гучаць  беларускія мелодыі, беларускія танцы. З самай раніцы  ўсе вітаюцца на роднай  мове, напамінаюць пра гэта інфармацыйныя стэнды.  У групах лялькі  Алесь і Янка, Марылька ці Бульбашык чакаюць дзяцей, заахвочваюць іх і дарослых на размову на беларускай мове.

Тэма тыдня беларускай мовы ў красавіку – “Вандроўка па малой Радзіме”.  Галоўнай мэтай гэтага тыдня стала магчымасць паказаць дзецям не толькі мілагучнасць і прыгажосць беларускай мовы, але і прывіццё любові і павагі да сваёй малой радзімы. Любоў да радзімы, да роднай мовы пачынаецца  з малога: з любові да сваёй сям’і, да свайго дома, дзіцячага садка.

У першы дзень адкрыцця тыдня выхаванцы разам з Несцеркам пачалі сваё віртуальнае падарожжа па вуліцах нашага горада, пазнаёміліся з  яго гістарычнай старонкай.

З вялікай цікавасцю дзеці старшай групы прынялі ўдзел у пастаноўцы беларускай казкі на новы лад “Муха-пяюха”, якую паказалі  для выхаванцаў малодшых груп. Удзел у віктарыне “ Мой родны горад”  дазволіў актуалізаваць веды дзяцей аб родным горадзе,  з вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі ў гульні “Залацінкі роднай мовы”. Галоўны герой мерапрыемства Буся дапамагаў рабятам праводзіць падарожжа з дапамогай макета горада, які быў зроблены разам з бацькамі выхаванцаў.  Дзеці ўзгадвалі прыказкі і прымаўкі, гулялі ў беларускія народныя гульні. Закончыўся тыдзень у садку літаратурнай гасцёўняй, у якой прынялі ўдзел Алена Абрамчык і Раіса Лакіза. Таленавітыя  жанчыны з задавальненнем  чыталі дзецям свае вершы, расказвалі цікавыя гісторыі. Пасля праведзеных мерапрыемстваў можна ўпэўнена сказаць, што ў нашым дзіцячым садзе створаны неабходныя ўмовы для таго, каб маленькія беларусы выраслі сапраўднымі грамадзянамі, якія любяць сваю  малую радзіму, ведаюць і паважаюць родную мову.

Святлана ІОДА,
намеснік загадчыка яслі-сада № 1горада Дзятлава