Царскі падарунак для роднага горада

Важнае Грамадства

І гэта не жарт. Сёння ў райцэнтры стала больш яшчэ на адну адметную і вельмі прыгожую фотазону.

Цікавы арт-аб’ект з’явіўся ў Дзятлаве каля будынка ЗАГСа, дзякуючы намаганням і майстэрству работнікаў ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Менавіта іх рукамі створана шыкоўная філігранная белая карэта, з тонкімі ўзорамі, імправізаванымі ліхтарамі, галубкамі на дзверцах і нават куфарам “з пасагам”. Гэту малую архітэктурную форму для горада можна назваць царскім падарункам для ўсіх маладажонаў і не толькі, бо, мяркую, падобнай прыгажосці на сваім карэтным двары пазайздросціў бы нават імператар.

У дзятлаўчан жа з’явілася цудоўная магчымасць у розныя сезоны года фатаграфавацца на фоне карэты. Упэўнена, што гэты арт-аб’ект за кошт сацыяльных сетак вельмі хутка “разляціцца” па інтэрнэт-прасторы і стане сапраўднай адметнасцю Дзятлава.

Хто быў ініцыятарам ідэі і ў каго залатыя рукі, нам расказаў галоўны інжынер ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Дзмітрый Якаўчык:

– Ідэя стварыць такую адметнасць для нашага райцэнтра належыць кіраўніцтву раёна, а яе ўвасабленне – старанні нашых майстроў.

Праект мы рэалізоўвалі, узгадняючы кожны яго этап з райвыканкамам. Кіраўнік нашай арганізацыі, адчуваючы адказнасць, таксама курыраваў ход работ на ўсіх этапах. І вось сіламі вытворчага цэху на свет з’явілася такая прыгажосць.

Усе элементы і дэталі карэты, пачынаючы ад ліхтарыкаў, заканчваючы куфарам, – гэта выключна ручная работа. Яе выконвалі Дзмітрый Ярмаловіч, Аляксандр Сасінскі, Андрэй Васько. Спадзяёмся, наша малая архітэктурная форма спадабаецца ўсім, стане папулярнай фотазонай роднага горада і цудоўным падарункам для маладажонаў, дзятлаўчан і гасцей раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: