Чаму “Адважныя героі” – лепшая ідэя?

Галоўнае Грамадства

У Гродне прайшоў абласны этап рэспубліканскага моладзевага конкурсу БРСМ “100 ідэй для Беларусі”.

У кожнай з намінацый вызначаны пераможцы, усяго 12 жыхароў рэгіёна, якія прадставяць Прынёманне на рэспубліканскім туры.

Сярод іх – дзевяцікласніца Новаяльнянскай сярэдняй школы Лізавета Маліка, якая пад кіраўніцтвам педагога Валерыя Нагорнага распрацавала праект “Адважныя героі”, прызнаны пераможным у намінацыі “Лепшая ідэя для Беларусі”.

Педагогі характарызуюць Лізавету як старанную, удумлівую, кемлівую, уважлівую дзяўчынку, якая даводзіць да канца даручаныя справы, не баіцца публічных выступленняў і ўдзелу ў новых праектах. Яна пераможца раённага этапу прадметных алімпіяд па матэматыцы і фізіцы. Вылучаецца і творчымі талентамі: скончыла Новаяльнянскую школу мастацтваў, любіць спяваць, танцаваць, займалася ў гуртку “Юны журналіст”, у далейшым марыць звязаць жыццё з праграміраваннем, а вольны час прысвячаць творчасці.

– Наш праект – гэта камп’ютарная гульня аб 6-і піянерах, удастоеных у час Вялікай Айчыннай вайны звання Героя Савецкага Саюза, сярод іх 3 беларусы – Марат Казей, Зіна Партнова, Барыс Царыкаў, – расказала аб конкурсе Лізавета Маліка. – Гульня складаецца з 6 главаў, утрымлівае біяграфіі, міні-гульні рознай скіраванасці, віктарыны аб піянерах-героях. З праходжаннем кожнай главы гулец атрымлівае частку сімвала Перамогі, пакуль не збярэ яго ўвесь напрыканцы. Гістарычныя факты для гульні мы адшуквалі ў падручніках, інтэрнэце, а яшчэ я ўваходжу ў актыў народнага школьнага музея “Дзеці ліхалецця”, там таксама ёсць тэматычная інфармацыя.

– Як лічыш, чаму гульня “Адважныя героі” прызнана лепшай ідэяй?

– Мяркую, што яна вельмі актуальная для нашага часу. Сёлета Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у наступным годзе сустрэне 80-годдзе Вялікай Перамогі. Узгадаць цікавыя факты роднай гісторыі, паглыбіць веды па ёй падрастаючае пакаленне можа праз падобныя камп’ютарныя гульні, каб ведаць і не забываць пра подзвігі сваіх равеснікаў. Распрацаваць такую камп’ютарную гульню няпроста: ёй павінна папярэднічаць сур’ёзная даследчая работа, якую трэба “аформіць” тэхнічна, прычым у такім фармаце, каб уключаў і пазнавальную, і забаўляльную часткі, і праверку ведаў. Думаю, па гэтай прычыне нашы намаганні так высока ацэнены. Поспех гэты не першы: у лістападзе 2023 года гульня “Адважныя героі” была адзначана дыпломам пераможцы на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.by”.

– Лізавета, ты шмат даведалася аб піянерах-героях, а ці ёсць у тваім характары якасці, якія былі ім уласцівы?

– Хочацца верыць, што ёсць. Я стараюся аддаваць усю сябе даручанай справе і выконваць яе якасна, клапачуся аб сваёй Радзіме, блізкіх, сябрах, многае стараюся рабіць дзеля людзей.

– Якія словы адрасуеш кіраўніку праекта і чаго пажадаеш равеснікам?

– Вельмі ўдзячна свайму настаўніку інфарматыкі Валерыю Віктаравічу Нагорнаму за веды, дапамогу, маральную падтрымку, цярпенне і дабрыню. Мы шмат працавалі, затым рэпетыравалі прэзентацыю, дзякуй яму за ўсё.

Сваім равеснікам жадаю быць больш упэўненымі ў сабе, каб не баяліся паказваць свае станоўчыя якасці, старанна вучыліся, імкнуліся да ведаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: