Адзіны дзень галасавання. Выбарчыя ўчасткі пачалі сваю работу

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне стартаваў асноўны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У 8 гадзін раніцы дзверы для выбаршчыкаў адчынілі 19 выбарчых участкаў, іх работа прадоўжыцца да 20 гадзін.

Таксама ў гэты дзень будзе ажыццяўляцца надомнае галасаванне.

На ўчастку № 8 на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава работа пачалася з апячатвання скрыняў для галасавання і пераправеркі дакументацыі. Тут працуе выбарчая камісія ў саставе 13 чалавек, ажыццяўляюць работу назіральнікі.

Першай зрабіла свой выбар у адзіны дзень галасавання дзятлаўчанка Лізавета Намярэнка.

– Я прыйшла загадзя, нават пачакала мінут 10 да адкрыцця ўчастка, – расказала яна. – Сёння працую, спяшаюся на работу, але пра грамадзянскі абавязак не забываю. Настрой цудоўны, бо далучылася да значнай падзеі ў жыцці краіны, гэта важна для мяне. Мы выказваем свой давер будучым дэпутатам і спадзяёмся, што мясцовыя пытанні будуць вырашацца з іх падтрымкай.

Пра ход галасавання на ўчастку № 8 расказала старшыня камісіі Марыя Шавель:

– Усяго на нашым участку амаль 2,5 тысячы выбаршчыкаў, гэта адзін з самых вялікіх участкаў. Упершыню галасуюць тут 8 чалавек. У час датэрміновага галасавання прагаласавалі 43 % выбаршчыкаў, найчасцей людзі прыходзілі ў абедзенны перапынак і пасля работы да самага закрыцця ўчасткаў. Таксама вельмі актыўна прыходзілі на выбары ў суботу: за ўчарашні дзень свой выбар зрабілі больш чым 200 чалавек. Сёння таксама чакаецца актыўнасць выбаршчыкаў: мікрараён у нас малады, таму пік галасавання прыйдзецца на дзённы час. Спадзяёмся, што ўсё пройдзе спакойна і канструктыўна, са свайго боку камісія робіць усё магчымае для гэтага.

На працягу ўсяго выбарчага працэсу за ім уважліва сочаць назіральнікі.

– Разам з калегамі працую на выбарах-2024 чацвёрты дзень, дагэтуль назіралі за працэдурай датэрміновага галасавання, – расказала Ларыса Жэгалік. – Працэс ідзе спакойна, у рамках закона. Парушэнняў не было выяўлена як з боку членаў камісіі, так і саміх выбаршчыкаў. Людзі пераважна прыходзяць у прыўзнятым настроі, спакойна ажыццяўляюць працэдуру галасавання.

Нагадаем, што выбары дэпутатаў у Беларусі ажыццяўляюцца непасрэдна кожным грамадзянінам, скарыстацца гэтым правам на выбарах-2024 можна толькі адзін раз. Бюлетэні выдаюцца толькі па прад’яўленні пашпарта або іншага дакумента, які пацвярджае асобу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: