Сюрпрызы для ўсіх

Важнае Грамадства

У час навагодняй сустрэчы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу горада Дзятлава старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заўважыў, што найлепшым падарункам для вялікай сям’і з дзецьмі рознага ўзросту могуць стаць настольныя гульні, і дзеці расказалі, што б хацелі атрымаць ад Дзядулі Мароза.

Гэту ініцыятыву падхапілі працоўныя калектывы Дзятлаўшчыны. Добрыя чараўнікі, гатовыя выканаць дзіцячыя пажаданні, знайшліся ў КСУП “Войневічы”. Адміністрацыя прадпрыемства разам з бацькамі-выхавальнікамі Аляксандрам і Марынай Русаўскімі склалі спіс пажаданняў, які спонсары пастараліся выканаць.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Войневічы” Вольга Лахач павіншавала сям’ю з Новым годам і Калядамі:

– Жадаю вашай вялікай сям’і росквіту, здароўя, дабрабыту. Дзякуй вам за тое, што выконваеце такую пачэсную місію шматдзетных прыёмных бацькоў. Спадзяёмся, гэтыя гульні дапамогуць вам у выхаванні вашых дзяцей. Мы дадалі да іх цэлы пакет цукерак, каб парадаваць усіх дзетак і салодкімі пачастункамі.

“Манаполія”, “Імаджынарыум”, “Лато”, настольны хакей і многія іншыя гульні прывезлі госці для таго, каб насельнікі вялікага дома з цікавасцю і карысцю бавілі доўгія зімовыя вечары.

Гаспадары падзякавалі за карысныя падарункі і паабяцалі ўсе разам выпрабаваць кожную гульню.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga