Дзятлаўшчына ў адукацыйных турыстычных маршрутах

Важнае Спорт і турызм

У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў Адзіны дзень інфармавання, прысвечаны развіццю адукацыйнага турызму ў нашым раёне, у час якога былі вызначаны напрамкі развіцця гэтай сферы і пастаўлены задачы на 2024 год.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты сектара спорту і турызму, аддзела адукацыі райвыканкама, раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце школ раёна.

Размову аб развіцці адукацыйнага турызму распачала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Наталля Калодка, якая адзначыла вялікі прагрэс у гэтым напрамку: калі яшчэ дзесяцігоддзе назад экскурсійныя паездкі былі нячастымі, то сёння гэта неад’емная частка педагагічнай работы. Па яе словах, вялікі патэнцыял для развіцця адукацыйнага турызму мае і наша родная Дзятлаўшчына.

– Задача на перспектыву для нас усіх – зрабіць наш раён вядомым на ўзроўні рэспублікі, – падзялілася задумкамі Наталля Яўгенаўна. – Бліжэйшыя планы – стварэнне і ўдасканаленне экскурсійных маршрутаў (у тым ліку адукацыйных) і ўкараненне іх у выхаваўчы працэс навучальных установаў раёна.

Акрамя існуючых чатырох турыстычных напрамкаў, прысвечаных Дзятлаўшчыне гераічнай, загадкавай, незвычайнай, гасціннай, з’явіцца новы экалагічны маршрут “Зялёнымі сцяжынамі Ліпічанскай пушчы”, які будзе пазнавальным і карысным для вывучэння біялогіі ў школе.

Дырэктар раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка адзначыла, што школьнікі маюць магчымасць арганізаванымі групамі пад кіраўніцтвам педагогаў здзяйсняць экскурсіі па Дзятлаўшчыне, у арганізацыі якіх ім з радасцю дапамогуць супрацоўнікі цэнтра. Актуальную інфармацыю можна знайсці ў сацыяльных сетках установы.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч нагадала, што 2024 год у нашай краіне юбілейны, ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таму будзе насычаным акцыямі і падзеямі, у тым ліку ў сферы адукацыйнага турызму. Гэта і абмен вопытам паміж школьнымі музеямі, і ўдзел у раённых мерапрыемствах, найбліжэйшае з якіх – акцыя “Дзятлаўшчына гераічная”, якая стартуе 22 лютага.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga