Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Партызанскі патэфон

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У партызанскай зале нашага музея знаходзіцца патэфон.

Стаіць ён сярод рэчаў, звязаных з партызанскім рухам на Дзятлаўшчыне. Побач пішучая машынка, апалонік, зроблены з нямецкай каскі, конскае сядло і шмат чаго яшчэ. А вось патэфон чамусьці прывабіў. Прыгожы, яркі экспанат. Экзатычная рэч. На ім нумар КП 4187. Разгарнула кнігі паступленняў, знайшла інфармацыю. Яна наступная: “Акт № 709 ад 29.11.1979 года. Перадала Чудзілоўская (Стракоўская) Надзея Вікенцьеўна, калгасніца калгаса “Іскра”, былая сувязная атрада Ленінскай партызанскай брыгады, якая жыве ў вёсцы Скіпоравічы Дзятлаўскага раёна”. Здатчыца экспаната расказала, што патэфон узяты як трафей разведчыкамі Ленінскай партызанскай брыгады ў 1942 годзе пры разгроме варожага гарнізона і гміны ў гарпасёлку Казлоўшчына. У вайну патэфонам карысталася ў час адпачынку група разведчыкаў Ленінскай партызанскай брыгады, а пры расфарміраванні брыгады ў 1944 годзе патэфон перадалі сувязной Н. В. Чудзілоўскай. У яе патэфон быў да дня перадачы.

Патэфон, які знаходзіцца ў экспазіцыі, хутчэй за ўсё замежнай вытворчасці. Ніякіх адзнак на ім няма, але можна выказаць здагадку, што мог ён належаць каму-небудзь з мясцовай шляхты (у Казлоўшчыне таксама быў маёнтак), якая ў 1939 годзе ўцякала за мяжу, пакідаючы ўсе свае набыткі.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: