Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Своеасаблівым пунктам адліку ў гэтым працэсе быў І Усебеларускі з’езд у снежні 1917 года.

Да выбранага на ім органа павінна была перайсці ўся паўната ўлады на тэрыторыі Беларусі. У рэзалюцыі адзначалася, што дэлегаты, “замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, заваяванае Расійскай рэвалюцыяй”, пастанавілі “вылучыць са свайго саставу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і працоўных дэпутатаў”. Гаворка ішла аб магчымасці стварэння савецкай формы беларускай дзяржаўнасці, аднак у выніку гвалтоўнага разгону І Усебеларускага з’езда гэты працэс спыніўся, але пытанне не было знята з парадку дня.

Дзеячы левага крыла беларускага нацыянальнага руху ўвайшлі ў склад Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), які і заклаў асновы будучай беларускай савецкай дзяржаўнасці. Разам з беларускімі секцыямі РКП(б) Белнацкам вёў палітычную і культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў на тэрыторыі Савецкай Расіі. Яго прадстаўнікі дапамагалі бежанцам, бралі на ўлік беларускія арганізацыі і ўстановы, адчынялі беларускія школы і клубы, друкавалі літаратуру на беларускай і рускай мовах.

Рашаючым крокам на шляху нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі на савецкай аснове стала канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), якая адбылася 21–23 снежня 1918 года ў Маскве. Яна прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, было абрана Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б) на чале з Дзмітрыем Жылуновічам. Вечарам 1 студзеня 1919 года па радыё быў абнародаваны Маніфест Часовага ўрада Беларусі і ў ноч з 1 на 2 студзеня надрукаваны. У ім Беларусь абвяшчалася “свабоднай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай”, замацоўваліся асноўныя палажэнні яе грамадскага і палітычнага ладу. Аднак рэалізацыю ўсяго гэтага на практыцы спынілі такія гістарычныя падзеі, як стварэнне ЛітБел, польска-савецкая вайна. Толькі пасля вызвалення тэрыторый ад польскіх інтэрвентаў у ліпені 1920 года савецкім кіраўніцтвам пад уплывам дзеячаў левага крыла беларускага нацыянальнага руху было вырашана паўторна абвясціць Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь, што ўрачыста зрабілі 31 ліпеня ў Мінскім гарадскім тэатры. А ўжо 18 сакавіка 2021 года па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь адышла пад Польшчу. Тэрытарыяльны падзел 1921-1939 гадоў завяршыўся актам гістарычнай справядлівасці: уз’яднаннем беларускага народа ў верасні 1939-га. У 1941 годзе напад нацысцкай Германіі паставіў пад сумненне далейшае існаванне многіх народаў СССР, у тым ліку беларускага. Толькі дзякуючы неверагоднай мужнасці была заваявана перамога ў Вялікай Айчыннай вайне.

Адным са значных дасягненняў далейшага савецкага перыяду развіцця нашай рэспублікі стала тое, што дзяржаўнасць Беларусі атрымала міжнароднае прызнанне і моцны сацыяльна-эканамічны імпульс. Ужо ў 1945 годзе БССР стала адной з заснавальнікаў ААН і атрымала сусветнае прызнанне. Народ рэспублікі працаваў з энтузіязмам, у першую пяцігодку прамысловасць БССР па аб’ёме валавой прадукцыі перасягнула даваенны ўзровень на 15 %, прычым у заходніх абласцях амаль у 2 разы. У 1951-1955 гадах увайшлі ў строй 150 буйных прамысловых прадпрыемстваў, больш за 200 сярэдніх і дробных.

Аднаўлялася вышэйшая школа рэспублікі. У 1945 годзе з 25 даваенных ВНУ працавала 22, адкрываліся новыя – Мінскі інстытут замежных моваў, Брэсцкая, Полацкая педагагічныя і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытуты.

У пасляваенныя гады прадаўжалася творчая дзейнасць Я. Брыля, І. Мележа, І. Шамякіна і іншых пісьменнікаў.

З пачатку 70-х  пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Тады ж на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй перайшлі прафтэхвучылішчы рэспублікі.

Крытычнае пераасэнсаванне складаных праблем гісторыі і сучаснасці ў гэты перыяд садзейнічала з’яўленню новай плеяды літаратараў – А. Адамовіча, В. Быкава, Р. Барадуліна, В. Караткевіча, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, М. Гілевіча і іншых.

У ваеннай прозе галоўнай была тэма чалавека на вайне, надрукавана нямала знакавых гістарычных твораў, на сцэнах тэатраў з поспехам ішлі п’есы А. Макаёнка, І. Мележа, А. Дударава. Менавіта ў перыяд БССР быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які вытрымаў выпрабаванне часам і стаў надзейнай асновай для будаўніцтва суверэннай Беларусі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga