ГрадусПлюс. Ліст Дзеду Марозу

Грамадства

У аднаго кінагероя ёсць традыцыя пад Новы год хадзіць у лазню, а ў дзятлаўчан – сустракаць зімовыя святы без снегу.

Ды замест снежнага на кожнага з нас цісне пласт справаў і клопатаў, якія трэба паспець завяршыць у годзе адыходзячым.

Аднымі з самых заклапочаных (без жартаў!) з’яўляюцца камунальныя службы: акрамя паўсядзённых спраў, навядзення парадку на іх плечы кладзецца ўпрыгажэнне горада да святаў, ілюмінацыя, і з кожным днём дадаецца ўсё новых задач.

Напрыклад, адзін з не вельмі прыемных сюрпрызаў усім дзятлаўчанам зрабіла пераменлівае надвор’е, істотна пагоршыўшы стан дарог у горадзе (пра раён не ведаю, не скажу). На выхадных ехала праз скрыжаванне на зялёнае святло і не магла зразумець, чаму вадзіцель перада мной паварот не паказаў, а кіруецца ўправа. Потым убачыла: так ён аб’язджаў глыбокую яміну, у якую я сама ледзь не ўвалілася следам. Ды і не толькі ў цэнтры такое! Ямачны рамонт, праведзены камунальнымі службамі ўвосень, як кажуць, увесь “выйшаў”. Калі ў светлы час сутак вадзіцелю яшчэ можна зарыентавацца, то па вячэрніх дарогах запраста і падвеску пакінуць на асфальце. А пераходзіць на экалагічны пешы від транспарту нешта пакуль не хочацца…

І вось сяджу я, дарослая жанчына, пішу ліст зімоваму чараўніку: “Паважаны Дзядуля Мароз! Не прашу ў цябе новую машыну, але падары мне і дзятлаўчанам хаця б зімовы ямачны рамонт”.

Наталля АВЯРЧУК

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga