Дабрачыннасць. Пад Новы год – і госці на парозе

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне ўжо стартавалі перадсвяточныя дабрачынныя акцыі. Юных жыхароў раёна дарослыя радуюць прыемнымі падарункамі.

Напярэдадні каталіцкіх Калядаў у рамках акцыі “Прафсаюзы – дзецям” у прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава завіталі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і прадстаўнікі пярвічкі ДРБУ-119 Лілія Бельская і Таццяна Пазнякова. Яны перадалі для цэнтра грашовы сертыфікат на 150 рублёў, а дзецям – вялікі кораб з падарункамі, сярод якіх былі і тыя, што хлопчыкі і дзяўчынкі “заказалі” ў Дзеда Мароза ў сваіх лістах да яго.

– Вучыцеся паспяхова, і няхай у Новым годзе споўняцца ўсе мары, – пажадаў Аляксандр Дубовік.

– Здароўя вам і ўпэўненасці на шляху да пастаўленых мэтаў, – прадоўжыў віншаванне Уладзімір Казак. – А грашовы сертыфікат няхай дапаможа ўстанове набыць тое, што неабходна.

– Калектыў ДРБУ-119 перадае вам самыя шчырыя віншаванні, – далучылася да пажаданняў Лілія Бельская. – Памятайце, што калі верыць у казку, яна абавязкова спраўдзіцца. Педагогам мы зычым поспехаў, удачы, няхай работа прыносіць задавальненне, бо працаваць тут – сапраўднае прызванне.

За добрыя словы, падтрымку і спаўненне дзіцячых мараў гасцям падзякавала намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці, загадчыца прытулка Ірына Кунаш. Разам з выхавальніцай установы Кацярынай Губко, Вікторыяй і Максімам яны таксама ўручылі гасцям прыемныя навагоднія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, а дзеці яшчэ і прачыталі вершы, якія рыхтавалі “пад ёлачку”.

Сустрэчу завершыла агульная фотасесія на памяць.

Толькі госці выйшлі за дзверы, як на парозе – новыя візіцёры. У рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” да выхаванцаў прытулка з салодкімі падарункамі ад установы прыехала загадчыца Новаяльнянскага дзіцячага сада Людміла Піваварчык. Дзеці і педагогі абмяняліся шчырымі пажаданнямі. Максім і Вікторыя зноў не пакінулі госцю без навагодняга сюрпрыза – перадалі самаробныя цацкі для ўпрыгожвання ёлачкі дзіцячага садка.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga