Старшыня антыфашысцкага камітэта

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На паўночнай ускраіне Ліпічанскай пушчы, на левым беразе Нёмана, сярод пясчаных дзюнаў прыгожа раскінулася лясная вёска Карытніца.

Тут у 1893 годзе ў сялянскай сям’і нарадзіўся Георгій Паўлавіч Русін – будучы настаўнік, падпольшчык. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў цяжкай працы і беднасці. Нягледзячы на гэта, хлопчык рана праявіў імкненне і здольнасць да навукі. Ён на выдатна скончыў трохкласнае народнае вучылішча, а потым і Дзятлаўскую, так званую “второклассную”, настаўніцкую школу.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я Русіных эвакуіравалася ў Паволжа. Там Георгій Паўлавіч прадоўжыў сваю вучобу і атрымаў званне настаўніка. Да 1920 года ён працаваў выхавацелем у дзіцячым доме горада Самары. Калі ў Паволжы пачаўся голад, сям’я Русіных вырашыла вярнуцца на Радзіму. Польскія ўлады не дазволілі Георгію Паўлавічу настаўнічаць. Два гады ён працаваў на бацькоўскім загоне. Толькі ў 1922 годзе атрымаў дазвол паступіць на настаўніцкія курсы ў Кракаве. За год авалодаў польскай мовай, здаў экзамены па гісторыі і геаграфіі Польшчы, атрымаў правы настаўніка пачатковай школы.

3 1923 года Георгій Русін загадваў Карытніцкай пачатковай школай. Ён не мог пагадзіцца з існаваўшымі тады ў Польшчы буржуазнымі парадкамі. Свае погляды часам выказваў на ўроках, у размовах з сялянамі. Асабліва цікавіліся людзі тым, што дала рэвалюцыя працоўным Савецкай Расіі. Гэта не прайшло міма ўвагі падпольшчыкаў-камуністаў: у 1927 годзе Георгія Русіна прынялі ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Чуткі аб дзейнасці Георгія Паўлавіча дайшлі да польскіх органаў бяспекі: яго вызвалілі ад работы ў школе. Ён зноў працаваў на бацькоўскай гаспадарцы, праз некаторы час уладкаваўся лесарубам, а потым – бракёрам на купецкія лесараспрацоўкі.

Паліцыя пільна сачыла за паводзінамі былога настаўніка. Яго не раз арыштоўвалі, рабілі вобыскі, допыты, але доказаў падпольнай дзейнасці знайсці не маглі.

Радасна сустрэў Георгій Паўлавіч прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года. Ён зноў стаў загадчыкам Карытніцкай школы. У 1940 годзе яго, як вопытнага педагога, назначылі інспектарам Шчучынскага раённага аддзела народнай асветы. Толькі любімай настаўніцкай справай давялося займацца нядоўга, бо пачалася вайна.

У 1941 годзе Георгія Русіна накіравалі ў Накрышскую сямігодку выкладаць матэматыку і геаграфію. Аднак ён не мог змірыцца з акупацыйным фашысцкім рэжымам і тымі патрабаваннямі, якія захопнікі паставілі перад школай і настаўнікамі: ён становіцца сувязным першых партызанскіх атрадаў.

Народныя мсціўцы далі яму заданне пераехаць у Дзятлава, уладкавацца ў школу і збіраць звесткі аб акупацыйных органах улады і гарнізоне. З гэтым заданнем Георгій Русін спраўляўся выдатна. Таму яго прызначылі старшынёй Дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

У падпольнай рабоце Георгію Паўлавічу дапамагала дачка Надзея, якая працавала сакратаркай-машыністкай у раённай управе. Рызыкуючы жыццём, яна рабіла лішнія копіі важнейшых дакументаў, якія бацька перадаваў падпольнаму райкаму партыі.

Падпольшчыкі дзейнічалі смела. Фашысты не паспявалі зрываць расклееныя лістоўкі, пачасціліся тэрарыстычныя акты, падпалы, дыверсіі. У раёне гарэлі масты, склады сена і збожжа, узрываліся нямецкія машыны.

Раззлаваныя фашысты пачалі ліхаманкавыя пошукі тых, хто мог гэта рабіць. 30 красавіка 1944 года пачаліся арышты. Арыштавалі Георгія Русіна, а таксама Аляксандра Хадаркевіча – загадчыка гаспадаркі Дзятлаўскай бальніцы, Івана Каско – загадчыка дарожнага аддзела, Фёдара Паўловіча – настаўніка Хвінявіцкай школы, Міхаіла Архіпцава – бухгалтара раённай управы і іншых.

Цэлы месяц вялося следства, арыштаваных дапытвалі, катавалі, але патрэбных звестак фашысты не атрымалі. 1 чэрвеня 1944 года ноччу іх расстралялі. У лагер смерці кінулі жонку Георгія Русіна – Серафіму Мікалаеўну і дачку Надзею, але забіць іх не паспелі. 9 ліпеня 1944 года прыйшло вызваленне.

Астанкі загінулых былі перанесены і пахаваны на дзятлаўскіх могілках. У 1968 годзе на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў-падпольшчыкаў.

Імя героя занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Яго імем названа адна з вуліц горада.

Матэрыял прадастаўлены Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: