Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Памылкі дарослых – праблемы дзяцей

Грамадства Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Былі разгледжаны вынікі двух сацыяльных расследаванняў, шасцёра дзяцей прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Навошта вяртаў дачку?

У сям’і, якая нядаўна вярнулася на Дзятлаўшчыну з іншай вобласці, было праведзена сацыяльнае расследаванне. Уласна кажучы, спецыялісты раённых службаў прафілактыкі яшчэ да пачатку аналізу сямейнай сітуацыі здагадваліся, што вынікі іх не парадуюць. Маці гадуе дваіх дзяцей ад розных шлюбаў, непаўналетнія раней ужо былі ў сацыяльна ненадзейным становішчы і нават прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Малодшая дачка з 2017 па 2020 гады знаходзілася ў прыёмнай сям’і, пакуль яе бацька, другі муж жанчыны, адбываў пакаранне. Калі мужчына вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, ён аднавіўся ў бацькоўскіх правах і забраў дачку назад у сям’ю.

На жаль, ранейшыя праблемы дарослых мала чаму навучылі, і ад гэтага пакутуюць дзеці. Муж і жонка зноў п’юць, не забяспечваюць асноўных жыццёвых патрэбаў сына і дачкі, а біялагічны бацька хлопчыка не жадае гадаваць яго самастойна.

У нашым раёне за жанчынай быў замацаваны пакой у інтэрнаце, аднак з-за няплаты камунальных паслугаў яна страціла права на пражыванне там, таму сям’я пераехала ў іншае памяшканне без мэблі і бытавых рэчаў. Неаплачаным застаўся і ранейшы крэдыт за набыццё мэблі. Нягледзячы на катастрафічны недахоп грошай, дарослыя пакуль яшчэ не працаўладкаваліся, затое знаходзяць час і сродкі на алкаголь. Неаднаразова раённыя службы прафілактыкі заставалі іх у стане алкагольнага ап’янення, яўныя прыкметы недабрабыту паказала і сацыяльнае расследаванне.

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама прызналі непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, іх бацькам далі тыдзень на працаўладкаванне, пачаты збор дакументаў на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Парушыў ахоўнае прадпісанне

Сацыяльнае расследаванне праведзена ў сям’і, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей – двое ад папярэдняга і двое ад новага шлюбу. Яго вынікі члены каардынацыйнага савета разглядалі без прысутнасці дарослых, бо маці з малодшым дзіцём знаходзілася ў медыцынскай установе, яе другі муж адбываў адміністрацыйны арышт.

Сямейнае жыццё з першым мужам у жанчыны не заладзілася з-за таго, што ён сябраваў з алкаголем, цяпер нават не выплачвае аліментаў. Другі муж таксама праяўляе схільнасць да спіртнога, нідзе не працуе, пачаліся сваркі, з-за чаго да мужчыны двойчы была выкарыстана такая адміністрацыйная мера, як ахоўнае прадпісанне (часовая забарона на пражыванне з сям’ёй). З-за парушэння забароны гаспадар якраз і трапіў пад адміністрацыйны арышт.

Вынікі сацыяльнага расследавання паказалі, што жанчына клапоціцца аб непаўналетніх. Каб палепшыць матэрыяльнае становішча сям’і, яна выйшла працаваць на паўстаўкі, хоць пакуль знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. У наймальніка работніца на добрым рахунку, па месцы жыхарства характарызуецца станоўча. Тым не менш, з-за паводзінаў мужа ў сям’і перыядычна ўзнікаюць сітуацыі рызыкі для дзяцей.

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама прынялі рашэнне аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі