Татава слова трывалае

Важнае Грамадства

Мудрыя людзі кажуць: татам стаць лёгка – складана ім заставацца, і не кожнаму мужчыну ўдаецца быць паспяховым бацькам для сваіх сыноў і дачок.

Найчасцей асноўныя клопаты аб падрастаючым пакаленні бяруць на сябе матулі.

Аднак з усіх правілаў бываюць выключэнні. Ёсць і ў нашым раёне таты, якія з-за розных жыццёвых абставінаў гадуюць сваіх дзяцей самі, без жонак. З адным з іх, Аляксандрам Піскуновым з гарадскога пасёлка Наваельня, мы сустрэліся напярэдадні Дня бацькі. Свята гэта пакуль яшчэ новае, і 21 кастрычніка беларусы адзначаць яго другі раз. Тым не менш ёсць нагода больш увагі надаць сямейнаму выхаванню “з мужчынскім характарам”.

Аляксандр Піскуноў родам з аграгарадка Дварэц, цяпер жыве ў Наваельні, працуе рэзчыкам паперы, кардону і цэлюлозы ў СТАА “Суперпакінвест”, гадуе траіх дзяцей. Яго самастойны “бацькоўскі стаж” пачаўся яшчэ ў 2016 годзе, на той час малодшая дачка Васіліса была зусім маленькай, з ёю Аляксандр Аляксандравіч знаходзіўся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў, дашкольніцай была і другая дачушка – Мая, сын Мікіта – навучэнцам пачатковых класаў.

– Хваліцца не стану, было складана, хаця цяжкасцяў хапае і цяпер, – прызнаецца шматдзетны бацька. – Без дапамогі бабуляў (маёй мамы і Жанны Міхайлаўны – матулі былой жонкі, у якой з дзецьмі жывём і сёння) я, шчыра кажучы, не справіўся б. Асабліва няпроста сумяшчаць дзяцей і работу, калі гадуеш іх адзін і няма “другой палавінкі”, каб “падстрахаваць” у непрадбачанай сітуацыі, а іх у жыцці здараецца нямала. Яшчэ ў кожнага дзіцяці свой характар, свае запыты і патрэбы, якія даводзіцца ўлічваць, знаходзіць кампрамісы. Цяпер стала значна лягчэй, бо дочкі і сын падрастаюць, іх рашэнні і ўчынкі становяцца больш усвядомленымі, ды і Жанна Міхайлаўна выйшла на пенсію, у яе з’явілася пастаянная магчымасць сачыць за графікам і паводзінамі дзяцей. Някепскія адносіны складваюцца ў нас з былой жонкай, з якой у свой час прынялі агульнае рашэнне пакінуць Васілісу, Маю і Мікіту са мной. У яе другая сям’я, аднак пры неабходнасці і яна стараецца прыйсці нам на дапамогу.

Прашу Аляксандра Аляксандравіча падрабязней расказаць пра кожнага з яго дзяцей, іх характары і захапленні.

– Старэйшаму, Мікіту, ужо 15 гадоў, ён дзевяцікласнік і мой надзейны памочнік, – характарызуе бацька. – Вучыцца някепска. Паслухмяны, перш чым што-небудзь рабіць, абавязкова спытае дазволу. Сын захапляецца футболам, любіць рамантаваць тэхніку, а таму ўжо задумваецца аб прафесіі механіка. Пастаянна дапамагае мне па будаўніцтве, бо мы набылі і добраўпарадкуем дом, у які збіраемся ў далейшым пераехаць з дзецьмі. Калі мае сябры бачаць вынікі “будаўнічых намаганняў” Мікіты, яны станоўча адзначаюць, што ў хлопца рукі спраўныя. У сына шмат сяброў як старэйшага, так і малодшага ўзростаў, някепска ён ладзіць і з сястрычкамі, пры неабходнасці можа сабраць і выправіць іх у школу, прасачыць, каб зрабілі дамашнія заданні, нават пакарміць.

Дарэчы дзяўчынкі падзяліліся сакрэтам, што брат гатуе смачныя кексы, ну а яны стараюцца як мага часцей яму пра гэта нагадваць.

– Мая ходзіць у 6 клас, ёй 11 гадоў, – прадаўжае свой аповед Аляксандр Аляксандравіч. – Яна спакайнейшая і больш уседлівая, чым малодшая Васіліса, любіць жывёл, перажывае за іх, лечыць, чысціць сабаку вальер, быў перыяд, калі сцвярджала, што стане ветэрынарам, але жыццёвыя прыярытэты з узростам мяняюцца. Яшчэ Майя любіць маляваць і майстраваць розныя вырабы.

Малодшая дачка Васіліса – трэцякласніца, ёй 8 гадоў, яна вельмі рухомая, актыўная, спартыўная дзяўчынка. Аднак гэта не перашкаджае ёй захапляцца рукадзеллем, плесці з бісеру, а яшчэ яна любіць спяваць і наведвае заняткі ў клубе. Усё гэта паспрыяла таму, што ў Васілісы вельмі шмат сяброў як сярод дзяўчынак, так і сярод хлопчыкаў, а з бабуляй Жаннай яна з задавальненнем ходзіць па грыбы і ўжо ведае, якія з іх ядомыя.

Вольныя хвілінкі ў шматдзетнага таты Аляксандра Аляксандравіча выдаюцца вельмі рэдка, аднак і іх ён стараецца патраціць з карысцю: летам, напрыклад, абавязкова возіць сына і дачок на возера Свіцязь.

На пытанне, чым “мужчынскае” выхаванне адрозніваецца ад “жаночага”, Аляксандр Піскуноў упэўнена адказвае:

– Татава слова трывалае. Напрыклад, бабуля ў нас можа і 10 разоў паўтарыць, перш чым дзеці яе “пачуюць”, а мне дастаткова аднаго. Пры гэтым самае строгае маё пакаранне – слоўная вымова, а так імкнуся больш размаўляць з дзецьмі на самыя розныя тэмы, каб папярэдзіць іх ад кепскіх учынкаў.

З пазіцыі ўласнага вопыту Аляксандр Аляксандравіч лічыць, што шматдзетнасці баяцца не варта, бо складана бывае толькі з самага пачатку, а потым дзеці трымаюцца адзін аднаго, дапамагаюць дарослым у хатніх справах, растуць больш самастойнымі і адказнымі, чым у невялікіх сем’ях.

Дзень бацькі Піскуновы збіраюцца сустрэць за сямейным чаяваннем. Мікіта, Мая і Васіліса рыхтуюць для Аляксандра Аляксандравіча прыемны сюрпрыз, сакрэт якога не выдалі нават для газеты. Сам Аляксандр лічыць, што яго найлепшыя падарункі ўжо побач з ім. За дапамогу і падтрымку на жыццёвым шляху ён удзячны бабулям, Новаяльнянскай сярэдняй школе, педагогам, а таксама аддзелу адукацыі райвыканкама. Усім татам нашага раёна Аляксандр Піскуноў зычыць моцнага здароўя, цярпення і фінансавага дабрабыту.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga