Тэатр вас чакае і запрашае

Важнае Грамадства

Узорныя калектывы тэатральная студыя “Мелодыя душы” і студыя роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія працуюць пад кіраўніцтвам Івана Каско і Аксаны Кашляк, праводзяць набор 7-14-гадовых дзяцей.

Юныя акцёры аб’яднанняў ужо 16 гадоў ствараюць цікавыя пастаноўкі з поўнай самааддачай і верай у сваё захапленне, а некаторыя выпускнікі студый выбіраюць для сябе далейшы шлях, звязаны з тэатрам.

Заснавальнік і кіраўнік узорных калектываў Іван Каско расказаў, як аматарскі тэатр выхоўвае шчырых прыхільнікаў гэтага віду мастацтва і збірае поўныя залы:

– У нас займаюцца дзеці з 7 гадоў і да заканчэння школы. Гэта ўзрост, калі яны гатовы для больш цікавых сумесных пастановак. Штогод у верасні праходзіць дадатковы набор. Да канца месяца па суботах і нядзелях з 13 гадзін дзеці могуць наведаць рэпетыцыі, каб прыняць рашэнне і запісацца ў студыю, прадоўжыць пазнавальна-забаўляльны шлях у тэатральнае жыццё. Заняткі ладзяцца 2 разы на тыдзень, прапускаць іх нельга, бо гэта не толькі рэпетыцыі спектакляў, але і вывучэнне акцёрскага майстэрства, сцэнічнай мовы, умення рухацца ў роставых ляльках і танцаваць. Юныя акцёры, хоць і аматары, аднак на кожным занятку працуюць у поўную сілу, стараюцца дасягнуць высокага ўзроўню. У іх развіваецца пластыка, каардынацыя, аратарскія навыкі, камунікабельнасць, здольнасць імправізаваць у розных сітуацыях, яны вучацца спраўляцца са страхам публічных выступленняў, верыць ва ўласныя сілы, паказваць глыбокія эмоцыі.

Запіс у студыі ажыццяўляецца 23, 24, 30 верасня з 13 да 14 гадзін у канцэртнай зале Цэнтра культуры. Тэлефон для даведак +375-33-3078973.

– Іван Іванавіч, а чым збіраецеся здзіўляць гледачоў у гэтым сезоне?   

– 21 кастрычніка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца прэм’ерны паказ спектакля з дэтэктыўным сюжэтам “Усё таемнае становіцца відавочным, або У хлусні кароткія ногі”. Героі п’есы – група звяроў, за якімі стаяць добра пазнавальныя чалавечыя тыпажы: мітуслівая і несабраная Гусь, нервовая і запальчывая Малпа, абыякавая і самадастатковая Панда, пампезная Тыгрыца, усёведаючыя надаедлівыя Авечкі, адказны Сабака і хітрая Ліса. Усе яны вымушаны бавіць час у чаканні вылету адкладзеных рэйсаў у спецыяльнай зале аэрапорта. Пастаноўка ставіць перад гледачом складаныя пытанні, аднак не прапаноўвае адназначных адказаў.

Запрашаем наведаць пастаноўку. Дзіцячы тэатр дае сапраўдныя жывыя эмоцыі, магчымасць фантазіраваць, умее здзіўляць!

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga