Не пагаршайце сваё становішча

Важнае Здарэнні і бяспека

Пытанне: што будзе, калі аказаць супраціўленне міліцыянеру на службе?

Адказвае старшы ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Сяргей Ігнацік:

– У гэтым годзе падраздзяленнямі Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачата 29 крымінальных спраў па фактах аказання супраціўлення і прымянення гвалту грамадзянамі ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры выкананні імі сваіх абавязкаў, адзін з іх – на Дзятлаўшчыне.

Жыхар раёна ў стане алкагольнага ап’янення за ўчыненае ім адміністрацыйнае правапарушэнне быў дастаўлены ў аддзел унутраных спраў райвыканкама. Знаходзячыся ў фае ўстановы, ён напаў на ўчастковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, нанёс яму адзін удар галавой у вобласць твару. За гэты ўчынак у сукупнасці са здзейсненымі раней правапарушэннямі мужчыну цяпер пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Сёлета ў нашым раёне 45 грамадзян прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне законных патрабаванняў ахоўнікаў правапарадку. Часта грамадзяне, якія здзейснілі не такія значныя правапарушэнні, на законныя патрабаванні супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў адказваюць агрэсіяй, адмаўляюцца іх выконваць. Многія не задумваюцца аб наступствах і часам не падазраюць, якое пакаранне за гэта чакае, аднак няведанне не вызваляе ад адказнасці. Варта нагадаць, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў з’яўляюцца прадстаўнікамі ўлады і знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. За замах або пагрозу замаху на іх жыццё, здароўе, маёмасць, гонар і годнасць грамадзянін панясе адміністрацыйную або крымінальную адказнасць (да 7 гадоў пазбаўлення волі). Акрамя таго, да асобаў, якія ўчынілі падобныя дзеянні, супрацоўнікі міліцыі маюць права прымяняць як фізічную сілу, так і спецыяльныя сродкі.

У дадзеным пытанні пазіцыя галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў бескампрамісная: ні адзін такі выпадак не павінен заставацца без пакарання, кожнаму факту замаху на супрацоўніка органаў унутраных спраў даецца прынцыповая ацэнка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga