Марафон для маладых душой

Важнае Спорт і турызм

Актывісткі, спартсменкі і проста прыгажуні – удзельніцы аматарскага клуба “Нам гады не бяда” і іншыя зацікаўленыя спортам дзятлаўчанкі прынялі ўдзел ва усерэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзе для людзей пажылога ўзросту.

– Другі год запар мерапрыемства праводзіцца ў рамках нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце”, якая рэалізуецца ў краіне, менавіта прыклад удзельнікаў гэтага марафону паказвае, што аснова даўгалецця – фізкультура і спорт, – расказала спартсменкам-аматарам дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык.

На стадыёне “Колас” сабраліся як знатакі гэтага віду спорту, так і навічкі, якія з радасцю скарысталіся магчымасцю сустрэцца разам, патрэніравацца і атрымаць зарад станоўчых эмоцый. На старт выйшлі больш за 30 чалавек, самай старэйшай удзельніцы марафона – 72 гады. Арганізатары мерапрыемства выбралі для іх аптымальную дыстанцыю ў 1 кіламетр. Затым дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка правяла размінку.

Удзельніцы марафона расказалі, як прыйшлі да спорту і падзяліліся ўражаннямі.

Святлана Якаўчык:

– Я вельмі люблю ездзіць на веласіпедзе: як у дзяцінстве навучылася, так і не расстаюся з ім дагэтуль. Ездзіла на работу, у магазін, сюды таксама прыехала на сваім транспарце. Пачула па тэлебачанні навіну пра марафон і вырашыла ўпершыню паспрабаваць скандынаўскую хаду. Мне вельмі спадабалася! Добрае надвор’е, выдатная магчымасць пабачыць былых калег і знаёмых. Усё цудоўна! Жадаю ўсім моцнага здароўя, каб яно нас усіх не пакідала і заробленую пенсію не насілі ў аптэку.

Ірына Кавальчук:

– Скандынаўскай хадой займаюся 10 гадоў, пазнаёмілася з гэтым відам спорту праз інтэрнэт, зацікавілася і палюбіла. Я па жыцці не спартсмен, не захаплялася спортам у юнацтве, а цяпер адкрыла для сябе гэты добры занятак. Дзякуючы скандынаўскай хадзе я стала шмат бываць на прыродзе, адкрываць для сябе новыя віды раслін і птушак. Люблю выбірацца з палкамі ў лес і летам, і нават зімой (для гэтага існуюць спецыяльныя насадкі). Я стала бачыць жыццё і родныя мясціны ў новым ракурсе, чаму вельмі рада. З задавальненнем сёння далучаюся да марафона і жадаю ўсім яго ўдзельнікам моцнага здароўя і міру на Зямлі.

Людміла Кулеш:

– Я наведвальніца клуба “Нам гады не бяда”, стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, сённяшняе не выключэнне. Раней не займалася скандынаўскай хадой, але перад адказным стартам крыху патрэніравалася. Прайшла дыстанцыю разам з сяброўкамі па клубе, атрымала зарад бадзёрасці і пазітыву. Думаю, у будучым часцей займацца такой актыўнасцю.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga