Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. З імем Кастуся Каліноўскага

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Набліжаецца 75-я гадавіна Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Свой уклад у яе ўнеслі і беларускія партызаны. На тэрыторыі нашага раёна актыўна дзейнічалі партызанскія брыгады Ленінская, імя Варашылава, ”Перамога”. Шмат баявых спраў на рахунку партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага.

Адразу пасля акупацыі Беластоцкай вобласці, у чэрвені 1941 года, на яе тэрыторыі пачалі ўзнікаць партызанскія групы і атрады. Складаліся яны з чырвонаармейцаў, якія выходзілі з акружэння, партыйных і камсамольскіх актывістаў. Кіраўнікамі станавіліся камандзіры з ліку афіцэраў, партыйныя работнікі. На тэрыторыі нашага раёна адным з першых быў арганізаваны атрад “Барацьба”, які затым атрымаў назву “Арлянскі”. Камандаваў ім Васіль Піліпавіч Кавязін. Партызанскія брыгады фарміраваліся з канца 1942 года і на працягу 1943-га. На тэрыторыі Беластоцкай вобласці кіраўніцтва партызанскай барацьбой ажыццяўляў штаб партызанскага руху на чале з генерал-маёрам Касценкам. Гэта вядома з матэрыялаў асабістага архіва былога начальніка штаба партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага Сяргея Васільевіча Чудзінава. Яны апублікаваны пад назвай “Запіскі аб баявых дзеяннях партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага, якая дзейнічала ў Беластоцкай вобласці, 1943-1944 гг”. Цяпер “запіскі” знаходзяцца ў архіве Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

Датай заснавання брыгады можна лічыць 5 лістапада 1943 года. Яна фарміруецца па загадзе штаба партызанскага злучэння Беластоцкай вобласці на базе атрада “Кузнецкія металургі”, а затым і атрада “Звязда”. Да 20 снежня гэта партызанскае фарміраванне мела назву “Пралетарыят.” Паводле загада штаба партызанскага руху па Беластоцкай вобласці, 21 снежня 1943 года з партызанскіх атрадаў “Звязда”, “Канстанцін Каліноўскі”, “Аляксандр Матросаў”, “26 гадоў Кастрычніка”, “Камсамол Беларусі” была створана партызанская брыгада імя Кастуся Каліноўскага. Камандзірам прызначаны Мікалай Калістратавіч Вайцяхоўскі, камісарам – Яўген Гаўрылавіч Восіпаў, начальнікам штаба – Сяргей Васільевіч Чудзінаў, начальнікам асобага аддзела – Анатоль Паўлавіч Дзевалтоўскі, намеснікам камісара па камсамоле – Панцялей Восіпавіч Зязуля.

21 снежня 1943 года за подпісамі Вайцяхоўскага, Восіпава, Чудзінава быў выдадзены загад наступнага зместу: “На падставе загада штаба партызанскага руху Беластоцкай вобласці камбрыг загадаў: брыгаду назваць імем Кастуся Каліноўскага і надалей называць яе толькі гэтым імем. Камандзіру атрада тав. Андрэеву рапартам данесці мне да 23 снежня аб жаданні асабовага саставу ў найменаванні вашага атрада. Камандзірам атрадаў дадзены загад зачытаць усяму асабоваму саставу”.

Як стала вядома, атрад Анатоля Яўгенавіча Андрэева ўзяў на сябе права называцца атрадам імя камсамола Беларусі. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскага, Скідзельскага, Ваўкавыскага, Сакалоўскага, Крымкаўскага, Свіслацкага, Дзятлаўскага раёнаў, якія ўваходзілі ў склад Беластоцкай вобласці на 22 чэрвеня 1941 года

Праз штаб партызанскага руху Беластоцкай вобласці ў брыгаду і атрады было накіравана шмат інструкцый і загадаў. Адна з інструкцый насіла назву “Медыцынска-санітарная інструкцыя”. Вось вытрымка з яе, зацверджаная подпісам генерал-маёра Касценкі: “Раён пушча Ліпічанская. Не прымаць у размяшчэнне лагера “навічкоў” без папярэдняга агляду і дэзынфекцыі адзення. Адзін раз у месяц праводзіць медыцынскі агляд асабовага саставу атрада, брыгады (работнікаў харчблока аглядаць кожны дзень). Строга ізаляваць усіх, хто тэмпературыць, і хворых у асобныя зямлянкі (за 30-40 метраў ад лагера)”.

У кожным атрадзе ці брыгадзе будаваліся лазні, калодзежы, кухні, сталоўкі, бойні жывёлы. Партызаны павінны былі наведваць лазні не радзей, чым два разы ў месяц. Прапісвалася, што доктар атрада ці брыгады павінен знаходзіцца разам з камандзірам у час вядзення бою і аказваць першую дапамогу параненым. Цяжка параненых накіроўвалі за лінію фронту з прадстаўнікамі атрада ці брыгады, асабістымі дакументамі і медыцынскімі паказаннямі.

У канцы 1943-пачатку 1944 гадоў узнікла неабходнасць папоўніць колькасны і якасны састаў брыгады. Вялася мабілізацыя сярод мясцовага насельніцтва, асабліва сярод тых, каго акупанты прымусова збіраліся вывезці ў Германію. Асобыя аддзелы атрадаў павінны былі правяраць звесткі пра кожнага, хто ішоў у партызаны, аб чым сведчыць вытрымка з загаду № 020 па штабе партызанскага руху Беластоцкай вобласці ад 17 снежня 1943 года: “Раён лесу пушча Ліпічанская. Усім камандзірам атрадаў і брыгад катэгарычна забараняю самавольна, без належнай работы начальнікаў і ўпаўнаважаных асобых аддзелаў, праводзіць набор у партызанскія атрады. Генерал-маёр Касценка”.

Былі выяўлены шпіёны і здраднікаў. Пры пераводзе партызана з аднаго атрада ў іншы патрабаваліся характарыстка і інфармацыя аб удзеле ў баявых дзеяннях. Дазвалялася мець па тры байцы на кожную вінтоўку і па пяць – на кожны кулямёт. Тыя, хто заставаўся без зброі, былі задзейнічаны для пераносу боепрыпасаў у час бою ці на гаспадарчых работах.

У пачатку 1944 года на тэрыторыю раёна пачалі прыбываць паліцаі, войскі “ронаўцаў”, “уласаўцаў”, літоўскіх і эстонскіх нацыяналістаў. Здараліся выпадкі пераходу такіх вайскоўцаў на бок партызан. Характэрным прыкладам з’яўляюцца перагаворы штаба брыгады з казацкай сотняй РВА (уласаўцы), якая была размешчана ў вёсцы Дварэц. Вось аб чым сведчыць вытрымка з пісьма партызанскага штаба да казакоў: “Камандзіру сотні. Таварышы! З нашага боку гэта ўжо трэцяе пісьмо. Яшчэ раз гаворым вам, што сярод нас ужо шмат вашых таварышаў, яны сталі на правільны шлях, той шлях, які ўказалі нам нашы бацькі, матулі, дзяды і прадзеды. Чым даўжэй мы перапісваемся, тым менш дзелавітасці ў нашых адносінах, тым далей мы адцягваем нашу сустрэчу і ваш удзел у абароне Радзімы”.

У партызан добра была наладжана разведка і сувязь паміж фарміраваннямі. У пачатку снежня 1943 года стала вядома, што “на бліжэйшы час намечана аблава, у якой прымуць удзел 18 000 фашыстаў з войскаў СС. Мяркуецца, што гэтыя войскі будуць наступаць фронтам ад ракі Зяльвянка ў накірунку Ліпічанскай пушчы”. Доказам таму, што брыгада імя Кастуся Каліноўскага дзейнічала ў цеснай сувязі з партызанамі Ленінскай брыгады, з’яўляецца сакрэтны загад, адрасаваны камандзірам атрадаў аб тым, што “па даных разведкі Ленінскай брыгады, немцы захапілі вёскі Падвялікае і Скіпоравічы. У Яварскую Руду прыбылі 27 падводаў з немцамі. Праціўнік мае задачу наступаць на лагеры партызан, размешчаныя на поўдзень ад Яварскай Руды”.

Для паспяховай барацьбы з фашысцкімі акупантамі выкарыстоўвалася інфармацыя, якую партызаны атрымлівалі ад мясцовага насельніцтва. 20 студзеня 1944 года быў выдадзены сакрэтны загад аб тым, што ў солтыса вёсак Воля-Крупіцы быў адабраны загад па гарнізоне Яварская Руда. У ім адзначалася, што вяскоўцы павінны прадаставіць 15 падводаў з фуражом на чатыры дні і даставіць іх у гарнізон 4 лютага. Падобная інфармацыя дазваляла партызанам планаваць баявыя аперацыі супраць нямецкіх войскаў, паліцаяў, “ронаўцаў”, “уласаўцаў”.

Даведацца аб баявых аперацыях атрадаў брыгады можна дзякуючы баявым данясенням і рапартам з атрадаў і штаба брыгады. У рапарце партызанскай брыгады штаба Беластоцкага злучэння ад 10 лістапада 1943 года адзначалася, што “ў гонар 25-гадавіны ВЛКСМ і 26-гадавіны Кастрычнікай рэвалюцыі атрадамі Пралетарскай (назва да 20 снежня) партызанскай брыгады зроблена: групай атрада “Звязда” пад камандаваннем таварыша Шварцмана ўзарваны эшалон з гаручымі і змазачнымі матэрыяламі на ўчастку дарогі Нёман – Наваельня ў раёне вёскі Глушыца. Знішчаны паравоз і 40 вагонаў і цыстэрнаў”. А 23 студзеня 1944 года група камсамолак-дзяўчат атрада “Звязда” (Г. Зверкунова, Е. Ляхава, Я. Мазэпіна) і партызан Пётр Андрэеў выйшлі на баявое заданне ў горад Дзятлава, каб падпаліць галоўны склад: “25 студзеня ў 13 гадзін Зверкунова ў час прыёму фуражу ад насельніцтва кінула мяшочак з запальнай сумессю і запаленым бікфордавым шнурам, ад чаго ў хуткім часе адбыўся моцны пажар. Згарэла каля 100 тон фуражу і зерня, рэчавы аддзел склада з абмундзіраваннем і абуткам і ўсё, што знаходзілася ў гэтым складзе”. Так рапартаваў штаб брыгады імя Кастуся Каліноўскага 28 студзеня 1944 года штабу Беластоцкага партызанскага злучэння.

 

Нямецкія акупанты праводзілі масавыя аблавы ў вёсках, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне. З данясенняў стала вядома аб тым, што “з Дзятлава, Накрышак, Наваельні, Дварца, узяўшы з сабой чатырохдзённы запас, 4 лютага 1944 года немцы выехалі праз Наваельню на Гуту, што за Глушыцаю (дзе раней быў забіты 31 паліцай). У вёсцы Гута немцы забівалі мірных жыхароў, якія не паспелі ўцячы ў лес. Асабліва пацярпелі жанчыны і дзеці. Для прымусовага вывазу мірнага насельніцтва на работы ў Германію ў Дзятлава 5 лютага 1944 года прыбылі дзве машыны немцаў, каб сабраць грамадзян, якія не з’явіліся на камісію. Каля Дзятлава сеў нямецкі самалёт, на якім прыляцеў маёр нямецкай арміі. Матэрыялы кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён” пацвярджаюць, што за гады нямецкай акупацыі былі вывезены ў Германію 1236 мірных жыхароў. Напярэдадні, 4 лютага, партызаны на чале з палітруком атрада “Звязда” Іванам Станіслававічам Пупко спалілі маёнтак у вёсцы Нагародавічы, які планавалася перавезці ў Дзятлава і размясціць у ім нямецкі гарнізон.

20 лютага 1944 года ў Дзятлаве на рыначнай плошчы немцы і паліцаі правялі сход грамадзян і паабяцалі ачысціць раён ад партызан і яўрэяў. З канца лютага 1944 года акупанты рыхтавалі новую аблаву на партызан, для чаго 24 лютага ў Наваельню прыбыў эшалон з немцамі. Па даных разведкі брыгады ворагі (каля 2500 чалавек) размясціліся ў вёсках Разважжа, Русакі, Гірычы, Юравічы, Вензавец, працягнулі тэлефонную лінію да вёскі Нямковічы. 28 лютага ў Дзятлава прыбыў полк РВА і раскватараваўся ў Дзятлаве, Засецці, Норцавічах, Гірычах, Яцвезі. На ўзбраенні ворага былі ротныя і батальённыя мінамёты, 10 гармат. На  аддзяленне (10 чалавек) – адзін ручны кулямёт і адзін аўтамат, астатнія – вінтоўкі. Два ўзводы разведкі на конях былі ўзброены аўтаматамі. У вёсцы Дварэц кватаравалі два эскадроны казакоў. Камандаванне часцей загадала насельніцтву здаць увесь калючы дрот (за няздачу – расстрэл), пабудаваць лазні ў Зачэпічах, Погірах, іншых вёсках. У вёску Ляды прыязджалі 25 чалавек з РВА. У вёсцы Яцвезь былі ўкапаны тры гарматы і ўсталяваны перашкоды з дроту. Такое паведамленне было накіравана ў штаб Беластоцкага злучэння ад штаба брыгады раёна пушча Ліпічанская. У адказ на падрыхтоўку ворага па Шчучынскім міжрайцэнтры і штабе партызанскага руху Беластоцкай вобласці 1 сакавіка 1944 года выдадзены загад № 004. Ім прадугледжвалася ўзмацненне агентурнай і вайсковай разведкі для вывучэння планаў захопнікаў. Таксама кожная брыгада атрымала заданне: з 2 сакавіка 1944 года арганізаваць удары па ворагу з дапамогай баявых засад. Брыгадзе імя Кастуся Каліноўскага зрабіць гэта ў раёне вёсак Алёхнавічы і Русакі, брыгадзе “Перамога” – Лявонавічы, Рачкі, на ўчастку дарогі Яварская Руда – Мядзвінавічы.

Найбольш вызначаўся баявымі дзеяннямі партызанскі атрад “Звязда”, што праводзіў аперацыі на тэрыторыі нашага раёна. Першым яго камандзірам быў Міхаіл Аляксеевіч Казакоў (загінуў у чэрвені 1944 года), начальнікам штаба – Мікалай Мікалаевіч Васільеў, палітруком – Іван Сцяпанавіч Пупко, камісарам – Самуіл Якаўлевіч Шварцман. Партызаны атрада пусцілі пад адхон 34 воінскія эшалоны ворага, знішчылі 34 паравозы, 360 вагонаў, шмат ваеннай тэхнікі, 6 мастоў, спіртзавод, некалькі складоў, імі была забіта не адна сотня ворагаў. У канцы 1943 года 44 партызаны атрада прадстаўлены да дзяржаўных узнагарод. Пры злучэнні з Чырвонай арміяй атрад налічваў 120 партызан.

Брыгадай імя Кастуся Каліноўскага пушчаны пад адхон 117 варожых воінскіх эшалонаў, у выніку іх крушэння разбіты 140 паравозаў, 1141 вагон і платформа. У баях пры падрыве воінскіх эшалонаў забіты 7324 і ўзяты ў палон 131 салдат і афіцэр праціўніка. Штабныя дакументы сведчаць, што з моманту стварэння брыгады да 18 жніўня 1944 года знішчаны 2,5 тысячы нямецкіх акупантаў і іх памочнікаў. Атрады ўзрывалі масты і пераправы, што перашкаджала акупантам своечасова перапраўляць войскі на ўсходні фронт. Было ўзарвана 8 чыгуначных мастоў, партызаны знішчылі тэлефонна-тэлеграфную сувязь працягласцю 181 кіламетр, падарвалі і вывелі са строю тры буйныя электрастанцыі, адзін спіртзавод. На момант злучэння з часцямі Чырвонай арміі ў брыгадзе было 5 атрадаў з агульнай колькасцю 769 партызан. Гэта былі: 701 мужчына, 68 жанчын, сярод якіх беларусаў – 195, рускіх – 294, украінцаў – 111, 169 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Злучэнне праходзіла паатрадна з 20 ліпеня па 18 жніўня 1944 года.

Пошукавая работа аб дзейнасці партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца. Ёсць яшчэ шмат невядомых безыменных герояў, якія цаною свайго жыцця заваявалі для нас Перамогу. Калі чытачы газеты валодаюць інфармацыяй аб подзвігах нашых землякоў у гады вайны, прашу паведаміць аб гэтым у Дзятлаўскі ваенны камісарыят вядучаму спецыялісту Валянціну Аляксеевічу Абухаву па тэлефоне 2-15-03 або аўтару артыкула. Будзем вельмі ўдзячны, калі падкажаце месцы пахавання чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны.

 

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: